Спаборнічалі робаты

28.12.2018
На базе Брэсцкага абласнога палаца культуры прайшоў V Абласны адкрыты турнір робататэхнікі “РобаФэст”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 90 каманд з ліку 180 навучэнцаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў з Брэстчыны, Віцебшчыны і Мінска, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, ТАА “Школа інфармацыйных тэхналогій”, БрДТУ і Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

- Турнір праводзіўся з мэтай укаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі інавацыйных і эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, далучэння моладзі да заняткаў тэхнічнай творчасцю, навукай і вынаходніцтвам, набыцця новых ведаў і развіцця ўменняў у сферы радыёэлектронікі, механікі, праграмавання, тэхнічнага канструявання і мадэлявання, пошуку здольных дзяцей і іх падтрымкі ў рэалізацыі творчых ідэй, - расказаў дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Д.М.Гумянюк. – Турнір адыгрывае важную ролю ў прыцягненні ўвагі высокатэхналагічных прадпрыемстваў, НДІ, аб’ектаў індустрыі, дзелавых цэнтраў, УВА і ССНУ да дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі як патэнцыяльнаму кадраваму рэзерву для прамысловасці і навукі.

Навучэнцы выраблялі робатаў у аб’яднаннях па інтарэсах і дамашніх умовах і заяўлялі іх на турнір у завершаным выглядзе і рабочым стане. Для гэтага патрабавалася валодаць асновамі электронікі, праграмавання і радыёаматарскай тэхналогіі. Робаты канструяваліся з дапамогай элементаў цацак, мікракантролераў, уласнай праграмы кіравання, дэталей канструктара LEGO.

Турнір складаўся з конкурсаў “Мабільная робататэхніка”, “Канструяванне і праграмаванне”, “Кегельрынг”, “Робасумо”, “Траекторыя” і і Roborace”. Падчас стэндавай прэзентацыі робатаў і праходжання трас рознага ўзроўню складанасці журы звяртала ўвагу на дызайн, якасць вырабу і мантажу робатаў, арыгінальнасць выкарыстаных тэхналагічных, канструктыўных, схематэхнічных і праграмных рашэнняў, хуткасць і дакладнасць праходжання трас. У цэлым удзельнікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Па выніках турніру ў камандным заліку перамаглі вучні Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна. У асабістым заліку лепшымі аказаліся Станіслаў Труш з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска, Кірыл Кулік, Кірыл Тарасюк, Ягор Партны і Арцём Цішук з ТАА “Школа інфармацыйных тэхналогій”, Раман Рабцаў, Алег Набешка, Герман Сарокін, Арцём Бельскі, Аляксандр Краснер і Яраслаў Грахоўскі з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, а таксама А.У.Пісарчык з Мінска. Пераможцы атрымалі не толькі дыпломы, але і каштоўныя прызы ад спонсараў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.