ПаКОДзіць – не пашкодзіць

10.01.2019
Больш за 40 тысяч школьнікаў з 13 рэгіёнаў Брэстчыны прынялі ўдзел у мерапрыемствах абласнога конкурсу “Час кода”, арганізаваным галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным ІРА і Паркам высокіх тэхналогій.

- Конкурс праводзіўся з мэтай актывізацыі дзейнасці аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў і педагогаў па папулярызацыі інфармацыйных тэхналогій сярод вучняў, павышэнні іх цікавасці да інфарматыкі і праграмавання, а таксама прафарыентацыі на ІТ-спецыяльнасці, - расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык. – Спаборніцтва выявіла лепшы вопыт работы ўстаноў адукацыі ў гэтых напрамках дзейнасці, падтрымала творчыя ініцыятывы і актыўнасць педагогаў, інтарэсы школьнікаў. Конкурсанты рыхтавалі справаздачы і эсэ аб мерапрыемствах па папулярызацыі інфарматыкі і праграмавання сярод вучняў, а таксама кароткія апісанні і сцэнарыі гэтых мерапрыемстваў з выкарыстаннем фота- і відэаматэрыялаў, інтэрнэт-спасылак і сацыяльных сетак. Журы ацэньвала адпаведнасць конкурсных работ заяўленым намінацыям, культуру падачы матэрыялаў, ахоп удзельнікаў мерапрыемстваў, іх колькасць і змест, асвятленне ў мясцовых СМІ і інтэрнэце.

У намінацыі “ІТ-краіна” перамаглі аддзелы па адукацыі Пінскага, Лунінецкага, Бярозаўскага і Ляхавіцкага райвыканкамаў.

Лепшыя конкурсныя мерапрыемствы падрыхтавалі

  • Ірына Лявонцьеўна Шаляговіч з гімназіі Драгічына,
  • Людміла Мікалаеўна Білецкая з гімназіі №6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста,
  • Святлана Іванаўна Галуц з Імянінскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна.

Падзякай адзначаны Ігар Навумавіч Басін з гімназіі №2 Брэста. Пераможцы атрымалі камп’ютарную тэхніку і мабільныя тэлефоны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.