Лепшыя ў энергазберажэнні

19.02.2019
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 187 работ, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Аналіз конкурсных матэрыялаў паказаў, што ў вобласці вядзецца сістэмная работа па фарміраванні актыўнай сацыяльнай пазіцыі моладзі да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, павышэнні культуры энергаспажывання, выяўленні і распаўсюджванні эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі ў галіне энергазберажэння, - расказала метадыст упраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА А.І.Бакацюк. – Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На жаль, не ўсе работы вылучаліся навізной прапанаванага матэрыялу. Пераможцы вызначаліся ў намінацыях “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”, “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў (відэаролік, лістоўка, плакат, малюнак)”, “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” і “Лепшы метадычны матэрыял у галіне энергазберажэння”.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі Андрэй Разганаў з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў (праект “Зніжэнне спажывання электраэнергіі пры апрацоўцы драўніны ў сталярна-механічнай майстэрні”), аб’яднанне па інтарэсах “Чарлідынг” з Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці (мерапрыемства “Міс Энергарэсурс”), Дар’я Сарнацкая і Уладзіслаў Крымскі з сярэдняй школы № 8 Кобрына (відэаролік “Рэп-прамоўшэн”), Уладзіслаў Назарчук са Столінскай дзяржаўнай гімназіі (відэаролік “Качагарце з розумам”), Ангеліна Некрашэвіч з сярэдняй школы № 3 Століна (лістоўка “Новыя прыгоды Энергамарафончыка”), аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам В.С.Жылевіч са спецыяльнага дзіцячага сада № 17 для дзяцей з парушэннем зроку Пінска (плакат “Разумны дом”), Валерыя Фаворская з сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч (малюнак “Жыццё ў кожнай кроплі. Беражыце ваду!”), Алена Казаўчынская і Алена Касцюк з сярэдняй школы № 1 Брэста (малюнак “Рэвалюцыя святла”), дырэктар сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста Н.Г.Каляда і яе намеснік па вучэбнай рабоце І.В.Манакава (работа “Эканоміш рэсурсы – беражэш планету, на якой жывеш”), а таксама аўтарскі калектыў з ліку С.К.Арловай, В.М.Лукашэвіч і С.Г.Пазняк з ясляў-сада № 2 Жабінкі (лэпбукі “Вада – крыніца жыцця” і “Каб у нас прыродны не скончыўся запас, беражыце ваду, святло, цяпло і газ”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.