Узаемавыгаднае супрацоўніцтва

14.12.2017
У школах і гімназіях Пінска вялікую ўвагу ўдзяляюць узаемадзеянню з установамі прафесійнай і вышэйшай адукацыі дзеля больш эфектыўнай арганізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі школьнікаў.

Дзякуючы гэтаму прафарыентацыйная работа прыносіць станоўчыя вынікі.

Гімназія №2 цесна супрацоўнічае з Ваеннай акадэміяй Беларусі, ПалесДУ, БрДУ імя А.С.Пушкіна і Пінскім педагагічным каледжам імя А.С.Пушкіна, на базе якіх для вучняў праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, тэматычныя экскурсіі і майстар-класы. Акрамя таго, гімназісты ўдзельнічаюць разам са студэнтамі ў дабрачыннай дзейнасці, займаюцца ва ўніверсітэцкіх лабараторыях пры падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд.

У гімназіі дзейнічаюць 10 – 11 класы ваенна-патрыятычнага напрамку, фізіка-матэматычнага і гісторыка-грамадазнаўчага профіляў. Юныя кадэты сустракаюцца з выкладчыкамі і курсантамі Ваеннай акадэміі Беларусі, якія расказваюць пра будні ваеннай службы.

Сярэдняя школа № 10 даўно і плённа ўзаемадзейнічае з Пінскім пагранічным атрадам, дзякуючы чаму ва ўстанове адукацыі адкрыты ваенна-патрыятычныя класы пагранічнага напрамку. Прафарыентацыя школьнікаў ажыццяўляецца і праз факультатыўныя заняткі “Юны пагранічнік”.

З мінулага навучальнага года ў гімназіі №1 рэалізоўваецца праект па арганізацыі супрацоўніцтва з ПалесДУ для правядзення дапрофільнай падрыхтоўкі і эфектыўнага эканамічнага выхавання вучняў. Асноўная задача праекта – развіццё прафесійных схільнасцей, здольнасцей і інтарэсаў дзяцей, раскрыццё політэхнічных асноў выбару і атрымання будучай прафесіі.

Гімназісты з задавальненнем удзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах па фізіцы, хіміі, біялогіі, асновах фінансавай дасведчанасці і эканомікі, фізічнай культуры і здароўі, па выніках якіх атрымліваюць дыпломы рознай вартасці. Не абыходзяць увагай вучні і ўніверсітэцкія канферэнцыі.

У сярэдніх школах №№ 8, 11 і 16 дзейнічаюць профільныя класы педагагічнага напрамку, выхаванцы якіх наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Установы адукацыі цесна супрацоўнічаюць з БрДУ імя А.С.Пушкіна. Распрацаваны планы сумесных прафарыентацыйных мерапрыемстваў, у рамках якіх праводзяцца акцыі, круглыя сталы, кіналекторыі, сустрэчы прадстаўнікоў універсітэта з бацькамі. Трэба адзначыць, што мультымедыйны праект вучняў сярэдняй школы № 8 заняў 3-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу для вучняў профільных класаў педагагічнага напрамку “Будучыя педагогі – пра школу будучыні”. 

З 2006 года ў сярэдняй школе № 12 працуюць класы прававога напрамку на аснове дамовы з Акадэміяй МУС Беларусі і гарадскім аддзелам унутраных спраў. Юныя правазнаўцы рэгулярна наведваюць акадэмію, удзельнічаюць у інтэлектуальных і творчых конкурсах, арганізаваных ёй (прававая алімпіяда “Феміда”, конкурсы сачыненняў “Я выбіраю шлях” і эсэ “Прафесія – міліцыянер”). Штогод выпускнікі класаў прававога напрамку становяцца курсантамі акадэміі і прававых факультэтаў іншых УВА.

У сярэдняй школе № 15 рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне методык ранняй прафарыентацыі вучняў 6 – 9 класаў на аснове выяўлення прыродных задаткаў паспяховага навучання прафесіям”. Педагогі будуюць індывідуальныя прафесійныя маршруты школьнікаў, выяўляючы іх патэнцыяльныя здольнасці. Гэта дапамагае дзецям усвядомлена выбраць прафесію, прычым як мага раней.

Амаль усе школы Пінска заключылі доўгатэрміновыя дамовы з установамі прафесійнай адукацыі рэгіёна па арганізацыі прафарыентацыі з вучнямі. Гэтыя дамовы прадугледжваюць сістэмную работу з дзецьмі ў шосты школьны дзень.

 - Карысць профільных класаў відавочная, - гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 15 Пінска Л.М.Дарашэнка. – Так, 85% нашых сёлетніх выпускнікоў, якія вывучалі матэматыку і фізіку на павышаным узроўні, удзельнічалі ў цэнтралізаваным тэсціраванні па гэтых прадметах. Усе былыя вучні сталі студэнтамі прэстыжных факультэтаў вядучых УВА краіны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.