Вызначылі лепшыя “суботнія” праекты

24.10.2017
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі абласное ўпраўленне адукацыі і абласны ІРА.

- Конкурс праводзіўся з мэтай удасканалення работы ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Спаборніцтва дазволіла творчым педагогам падзяліцца інавацыйнымі ідэямі, расказаць пра эфектыўныя формы, прыёмы і метады практычнай работы, дасягнутыя вынікі. Пры напісанні конкурсных матэрыялаў удзельнікі сістэматызавалі назапашаны вопыт, прапрацоўвалі тэматычную літаратуру і нарматыўныя прававыя дакументы ў галіне выхавання. Гэта садзейнічала прафесійнаму росту педагогаў і павышэнню якасці адукацыйнага працэсу ў цэлым. Акрамя таго, конкурс дапамог прааналізаваць і ацаніць дзейнасць розных педкалектываў і метадычных службаў, выбраць лепшыя напрацоўкі для шырокага распаўсюджвання, а іх аўтараў часцей прыцягваць да метадычнай работы з калегамі.

У абласным этапе конкурсу ўдзельнічалі 75 работ, якія ацэньваліся ў 5 намінацыях: “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”, “Лепшы інавацыйны праект”, “Расцім патрыётаў Беларусі!”, “Ствары свой брэнд” і “Здароўе – гэта здорава!”.

Дыпломы І ступені атрымалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Мікалаеўна Макарэвіч з Навасёлкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Пружанскага раёна (праект “Там звіняць неўміручыя песні”), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Уладзіміраўна Мікушка і педагог-арганізатар Таццяна Мікалаеўна Тукай з сярэдняй школы № 19 Баранавіч (праект “Горад – дароГ”), намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Аркадзьеўна Доруш і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Аляксандраўна Кудраўцава з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч (праект “Прафесія педагог – мая будучыня”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.