Лепшыя ў спецыяльнай адукацыі Брэстчыны

20.10.2017
На базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прайшоў фінал абласнога этапу II Рэспубліканскага конкурсу на лепшую ўстанову спецыяльнай адукацыі. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі абласное ўпраўленне адукацыі, абласны ІРА і абласны ЦКРНіР.

- Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння якасці і даступнасці спецыяльнай адукацыі для дзяцей з АПФР, развіцця творчых ініцыятыў педагогаў па рэалізацыі профільных адукацыйных праграм, выяўлення, абагульнення і распаўсюджвання лепшага педагагічнага і кіраўніцкага вопыту работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра сацыяльна-педагагічнай работы, аховы дзяцінства і спецадукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Н.В.Фяцісава. – Сярод асноўных задач конкурсу – стварэнне адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах спецыяльнай адукацыі, развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі, падтрымка эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы спецыяльнай адукацыі, павышэнне якасці работы па падрыхтоўцы асаблівых вучняў да працоўнай дзейнасці, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства, распрацоўка і ўкараненне сучасных адукацыйных тэхналогій.

У завочным этапе спаборніцтва прынялі ўдзел 29 устаноў, з якіх былі адабраны 8 лепшых. Конкурсныя мерапрыемствы фіналу ўключалі відэапрэзентацыю дзейнасці ўстаноў спецыяльнай адукацыі і абарону адукацыйных праектаў, падрыхтаваных творчымі групамі педагогаў. Пераможцы вызначаліся ў 4 намінацыях сярод спецыяльных дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў), дапаможных школ (школ-інтэрнатаў) і ЦКРНіР.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў лепшымі аказаліся спецыяльны дзіцячы сад № 17 для дзяцей з парушэннямі зроку Пінска, Пінская спецыяльная школа-інтэрнат, дапаможная школа Брэста і Столінскі дзяржаўны раённы ЦКРНіР.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.