Будучыя мытнікі

10.10.2017
Па ініцыятыве Брэсцкай мытні і Брэсцкага гарвыканкама ў сярэдняй школе № 1 абласнога цэнтра пачаў працаваць мытны клас.

- Мытны клас створаны з мэтай умацавання сувязей моладзі з мытнымі органамі, прафарыентацыі выпускнікоў для далейшага паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасць “Мытная справа”, павышэння ўзроўню інтэлектуальнага, маральнага і фізічнага развіцця, фарміравання прававой культуры школьнікаў, - расказаў начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў.

Новы клас быў створаны з ліку васьмікласнікаў. Трапіць туды маглі вучні з сярэднім балам 7 і вышэй. Па выніках набору мінімальны прахадны бал склаў 7,4.

У мытным класе вучацца 13 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак. Ад іншых дзяцей іх адрознівае форменная вопратка цёмна-сіняга колеру. Акрамя паглыбленага вывучэння англійскай мовы і матэматыкі, школьнікі асвойваюць яшчэ польскую/іспанскую мовы. Фізічная падрыхтоўка будучых мытнікаў уключае заняткі каратэ з элементамі самба.

Дзейнасць спецыялізаванага класа прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з Брэсцкай мытняй. Плануецца, што юныя мытнікі будуць частымі гасцямі на культурных мерапрыемствах, арганізаваных мытняй. У рамках спецыяльнага курса “Уводзіны ў прафесію мытніка” для вучняў запланаваны экскурсіі ў пункты пропуску на беларуска-польскай і беларуска-ўкраінскай мяжы, азнаямленне з экспазіцыяй гісторыі мытні і музеем “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, наведванне прысяг, сустрэчы з ветэранамі і маладымі супрацоўнікамі, паказальныя выступленні кіналагічнай службы мытні і шэраг іншых цікавых мерапрыемстваў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.