Школы чакаюць дзяцей

01.09.2017
Ва ўстановах адукацыі краіны завяршылася падрыхтоўка да 1 верасня. Аб гатоўнасці сістэмы адукацыі Брэстчыны да новага навучальнага года расказвае начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі:
- У 2017/2018 навучальным годзе ў вобласці будуць працаваць 1162 установы адукацыі, якія прымуць амаль 162 тысячы дзяцей. Радуе, што з году ў год іх колькасць няўхільна павялічваецца.

Сёлета спынілі работу 3 базавыя школы з напаўняльнасцю да 50 вучняў, 2 міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты і 7 дашкольных устаноў. 5 устаноў адукацыі былі рэарганізаваны. Сярэдняя напаўняльнасць класаў у будучым навучальным годзе складзе 18,5 школьнікаў.

На капітальны і бягучы рамонт устаноў адукацыі ў абласным бюджэце сёлета запланавана амаль 14 млн рублёў. На падрыхтоўку ўстаноў да навучальнага года выкарыстана каля 1 млн рублёў з пазабюджэтных сродкаў.

Капітальны рамонт ажыццяўляўся ў 50 установах адукацыі, бягучы – у 494. На будаўніцтва аб’ектаў адукацыі сёлета выдаткавана 12,6 млн рублёў. Уведзены ў эксплуатацыю прыбудова да ясляў-сада № 36 Брэста на 80 месцаў, прыбудова спартыўнай залы і класных памяшканняў да Страдзецкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна. Да 1 верасня завершыцца ўзвядзенне прыбудовы харчаблока да Ліноўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна. У гэтых установах адукацыі праблема з дадатковымі плошчамі існавала не адзін год.

Падрыхтаваны да эксплуатацыі 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Драгічыне і Маларыце. Завяршаецца будаўніцтва такіх дамоў у Пінскім раёне і Брэсце.

Значная ўвага ўдзяляецца рэканструкцыі і капітальнаму рамонту харчаблокаў. Больш за 2 млн рублёў затрачана на закупку мэблі, вучэбнага і тэхналагічнага абсталявання.

У наступным годзе за кошт абласнога бюджэту плануецца вырашыць праблему з будаўніцтвам спартыўнай залы ў Відамлянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна. Спонсарскую падтрымку ў гэтай справе акажа ААТ “Відамлянскае”. На наступны год запланавана таксама ўзвядзенне прыбудовы харчаблока да Пескаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.

Для арганізацыі падвозу каля 16,1 тысячы дзяцей да месцаў вучобы будуць задзейнічаны 302 аўтобусы (з іх 293 – школьныя). У бягучым годзе запланавана набыць для гэтага за кошт розных крыніц яшчэ 46 аўтобусаў.

Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года асаблівая ўвага ўдзялялася арганізацыі бяспечных умоў жыццядзейнасці вучняў і дашкольнікаў. Выкананы неабходныя проціпажарныя мерапрыемствы. Усе школьныя сталовыя падрыхтаваны для арганізацыі харчавання вучняў. У планах – поўная замена свяцільняў у вучэбных класах школ вобласці.

Удасканальваецца і папаўняецца вучэбна-метадычная база ўстаноў адукацыі. На набыццё сучасных камп’ютарных класаў выдаткавана з абласнога бюджэту 205 тысяч рублёў. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі да канца бягучага года ў школы вобласці будуць пастаўлены 30 кабінетаў хіміі за кошт рэспубліканскага бюджэту.

Сёлета ва ўстановы адукацыі рэгіёнаў накіраваны 725 маладых спецыялістаў пры заяўцы 392. Вырашэнне іх сацыяльна-бытавых пытанняў знаходзіцца на кантролі райвыканкамаў.

Усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны ў новым навучальным годзе неабходнымі педагагічнымі кадрамі.

Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.