Для павышэння прафесійнай кампетэнцыі выхавальнікаў ГПД

01.08.2017
Важную ролю ў развіцці індывідуальных здольнасцей дзяцей адыгрывае іх узаемадзеянне з педагогам. Эфектыўнасць такога ўзаемадзеяння залежыць ад яго прафесіяналізму, творчага патэнцыялу, крэатыўнасці і педагагічнай тэхнікі, якая ўяўляе сабой сукупнасць прафесійных уменняў, навыкаў і прыёмаў педагагічнага ўздзеяння. Гэтымі важнымі якасцямі валодаюць многія выхавальнікі груп прадоўжанага дня нашага раёна, але многія з іх не ўмеюць дастойна прэзентаваць сваю прафесійную дзейнасць. А гэта адзін з важных складнікаў поспеху сучаснага педагога.

Жабінкаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет у рабоце з выхавальнікамі ГПД удзяляе вялікую ўвагу прэзентацыі вопыту эфектыўнай педагагічнай практыкі. “Пошук, укараненне, вопыт” – так называлася сёлетняе мерапрыемства, прысвечанае паказу цікавых напрацовак выхавальнікаў ГПД. Асноўная мэта прэзентацыі – развіццё творчага патэнцыялу педагогаў, актывізацыя іх дзейнасці, выяўленне і распаўсюджанне лепшага вопыту ў выхаванні малодшых школьнікаў.

Напрацоўкі педагогаў ацэньвала журы, якое звяртала ўвагу на актуальнасць тэмы, узгодненасць мэты і задач вопыту, значнасць вядучай ідэі, навуковую аснову і творчы характар вопыту, абгрунтаванасць, дакладнасць, лаканічнасць і лагічнасць выкладання матэрыялу, яго афармленне і інш.

Дыплом І ступені атрымала Наталля Васільеўна Дуброўка з сярэдняй школы № 3 Жабінкі (“Фарміраванне грамадзянска-патрыятычнага выхавання малодшых школьнікаў”). Дыпломам ІІ ступені адзначана Настасся Сяргееўна Ізотава з сярэдняй школы № 1 Жабінкі (“Фарміраванне ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту навыкаў бяспечных паводзін шляхам азнаямлення з правіламі дарожнага руху”). Дыпломы ІІІ ступені дасталіся Дзіне Рыгораўне Амельянчук з сярэдняй школы № 2 Жабінкі (“Развіццё чытацкага інтарэсу ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту ў рамках дзейнасці групы прадоўжанага дня”), Ірыне Пятроўне Пабядзінскай з сярэдняй школы № 1 Жабінкі (“Развіццё творчых здольнасцей дзяцей у групе прадоўжанага дня”) і Святлане Георгіеўне Здзярук з Ленінскай сярэдняй школы (“Рэалізацыя здароўезберагальных ведаў вучняў у групе прадоўжанага дня”).

Прэзентаваны вопыт эфектыўнай педагагічнай практыкі выхавальнікаў ГПД будзе прадстаўлены ў школы раёна ў якасці метадычнага дапаможніка.

Кацярына СІДА,
метадыст Жабінкаўскага раённага
вучэбна-метадычнага кабінета.