Моўнае “Асарці”
29.05.2017- Фестываль з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы, якая фарміруе і падтрымлівае цікавасць вучняў да замежнай мовы, павышае ўзровень практычных навыкаў гаварэння, выхоўвае паважлівае стаўленне да ўласнай культуры і прадстаўнікоў іншых культур, развівае творчыя здольнасці, эстэтычны густ, уяўленне, памяць і ўвагу, - расказала метадыст Брэсцкага абласнога ІРА В.А.Сташчанюк. – У фестывалі ўдзельнічаюць вучні рознага ўзросту з рознай ступенню навучанасці. Спаборніцтва знімае цяжкасці ў зносінах, робіць дзяцей больш упэўненымі ў сваіх магчымасцях, рыхтуе да стасункаў у сферы будучай дзейнасці, выхоўвае ў дыялогу культур. Сёлета тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадстаўлены на англійскай, нямецкай і французскай мовах.
З году ў год павышаецца тэатральнае майстэрства школьных калектываў. Журы адзначыла высокі ўзровень маўлення юных акцёраў, іх камунікацыйных уменняў, арыгінальнасць і крэатыўнасць ва ўвасабленні сцэнічных вобразаў. Больш разнастайнымі сталі касцюмы і дэкарацыі, створаныя пераважна рукамі настаўнікаў і вучняў. Фестываль выяўляе і развівае таленты не толькі дзяцей, але і педагогаў. Многія з іх перакладаюць творы беларускіх аўтараў на замежную мову, пішуць уласныя сцэнарыі. Сёлета на сцэне былі паказаны 22 пастаноўкі: “Каралеўства крывых люстэркаў”, “Вакол свету за 80 дзён”, “Мая цудоўная лэдзі”, “Мэры Попінс”, “Атэла”, “Чорная панна Нясвіжа”, “Карлсан”, “Рамэа і Джульета”, “Тры сястры”, “Дзяўчынка з запалкамі” і інш.
Дыпломы І ступені атрымалі вучні сярэдняй школы № 15 Брэста (кіраўнік Г.А.Юрачка), гімназіі №5 Баранавіч (кіраўнік М.В.Шэка) і сярэдняй школы № 14 Пінска (кіраўнікі А.А.Меляшэнка і Л.С.Леўчанка).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.