І вершы, і песні

27.02.2019
На базе сярэдняй школы № 1 Брэста прайшоў заключны этап конкурсу “Музычна-паэтычны фрыстайл” на лепшае выкананне вершаў і песень на замежнай мове сярод вучняў 1 – 8 класаў. У творчым спаборніцтве, арганізаваным вучэбна-метадычным кабінетам Маскоўскага раёна Брэста, удзельнічалі 348 школьнікаў, 15 настаўнікаў замежнай мовы і 6 бацькоў.

- Канкурсанты паказалі высокі ўзровень валодання замежнай мовай, вялікую цікавасць да культуры іншых краін, добрыя выканальніцкія і творчыя здольнасці, - расказала метадыст раённага ВМК А.В.Філіпавец. – Вучні спявалі і чыталі вершы на англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай, украінскай, партугальскай і кітайскай мовах. Прыемна, што да ўдзелу ў конкурсе далучыліся і бацькі. Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным.

- Сённяшнія педагогі знаходзяцца ў пастаянным пошуку эфектыўных спосабаў і прыёмаў навучання замежнай мове, - адзначыла дырэктар дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Т.А.Мосіна. – Адзін з іх – выкарыстанне вершаваных і песенных матэрыялаў. Амаль усе настаўнікі замежнай мовы ўдзяляюць вялікую ўвагу паэтычным тэкстам і песням пры вывучэнні замежнай мовы. Дзеці вельмі любяць вершы і песні. Вучням цікава выконваць іх, бо гэта звязана са станоўчымі эмоцыямі. Паэзія дае імпульс творчаму ўяўленню, валодае вялікім патэнцыялам эмацыянальнага ўздзеяння. Знаёмства з вершаванымі творамі іншых краін абагачае духоўна, развівае этычныя погляды і эстэтычны густ, паказвае культурныя здабыткі розных народаў.

Юныя выканаўцы прадставілі на суд журы 71 музычны твор, 27 паэтычных і 7 музычна-паэтычных кампазіцый. Ацаніць канкурсантаў было даволі складана.

Разам з вучнямі выступалі і настаўнікі. Вялікае задавальненне гледачы атрымалі ад выступленняў сямейных дуэтаў. Запомнілася тэатральна-музычная кампазіцыя “Вясёлыя парсючкі”, падрыхтаваная самымі маленькімі ўдзельнікамі конкурсу – першакласнікамі з дзіцячага сада – пачатковай школы № 1. Марыя Сіманюк з сярэдняй школы № 3 пранікнёна выканала ўкраінскую песню.

Сярод найбольш яркіх чытальнікаў – Дар’я Гуга з сярэдняй школы № 24, Софія Гапанюк з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава, Кацярына Скробат з сярэдняй школы № 25. Сярод спевакоў асабліва вылучаліся Дзмітрый Жмайлік з сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна, Лізавета Цупрык і танцавальны калектыў хлопчыкаў з дзіцячага сада – пачатковай школы № 1, Дзіяна Тарчыла з сярэдняй школы № 31.

Гран-пры конкурсу атрымалі Ксенія Селязнёва з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні і Софія Рустамава з сярэдняй школы № 7.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.