Прававая культура як лад жыцця

18.05.2017
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў ХІІІ Абласной алімпіяды па прававых ведах сярод школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і юрыдычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна пры падтрымцы абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Брэсцкай вобласці.

Сёлета ў прававым марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, удзельнічалі 76 навучэнцаў-пераможцаў раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва.

- Карысць прававой алімпіяды неаспрэчная, паколькі юрыдычныя веды неабходны ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыла намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Папова. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць дзяцей да вывучэння права, актывізуе пазакласную і пазашкольную работу па прававой асвеце і выхаванні навучэнцаў, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, агульную прававую культуру, гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах з падлеткамі. Прававая культура павінна стаць ладам жыцця кожнага школьніка.

За тры гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, навучэнцы 8 – 10 класаў і ўстаноў прафесійнай адукацыі адказвалі на тэставыя пытанні, адгадвалі прававыя крыжаванкі, рашалі практычныя юрыдычныя задачы і знаходзілі юрыдычныя памылкі ў тэкстах. Усё гэта патрабавала ад навучэнцаў грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністрацыйнага і канстытуцыйнага заканадаўства.

Аналізуючы вынікі алімпіяды, члены журы з ліку выкладчыкаў юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, адзначылі, што падлеткі паказалі даволі высокі ўзровень прававой падрыхтоўкі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца заслугай іх педагогаў.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласніца Наталля Міхалевіч з сярэдняй школы № 15 Пінска, дзесяцікласніца Ганна Паліўка з гімназіі Іванава і Арсеній Цупа з Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання. Акрамя таго, шэраг навучэнцаў і педагогаў былі адзначаны спецыяльнымі прызамі і дыпломамі абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Брэсцкай вобласці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.