Да здароўя – праз веды

15.05.2017
Дваццаць першы раз горад над Бугам сабраў удзельнікаў абласной алімпіяды сярод школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па пытаннях здаровага ладу жыцця. Арганізавалі спаборніцтва ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

- Пытанні, звязаныя са здаровым ладам жыцця, заўсёды актуальныя, - расказала намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Папова. – Алімпіяда дапамагае задумацца пра самую вялікую каштоўнасць у жыцці – уласнае здароўе і здароўе родных. Галоўнае, каб кожны з удзельнікаў спаборніцтва абавязкова прымяняў атрыманыя веды ў адносінах да сябе і адначасова прапагандаваў здаровы лад жыцця сярод равеснікаў.

Нягледзячы на тое, што курс “Здаровы лад жыцця” выкладаецца ва ўстановах адукацыі факультатыўна, важнасць і неабходнасць профільнай алімпіяды бясспрэчная, паколькі такая форма работы павышае цікавасць дзяцей да ўласнага здароўя, актывізуе пазакласную і пазашкольную дзейнасць па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прапагандуе карысныя веды сярод моладзі.

Абласному спаборніцтву папярэднічалі школьныя і раённыя (гарадскія) алімпіяды, якія вызначылі найбольш эрудзіраваных васьмікласнікаў, дзесяцікласнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. Сёлета ў Брэст з’ехаліся 76 удзельнікаў. Многія алімпіяднікі прыязджаюць на спаборніцтва ўжо не першы раз, што сведчыць пра ўсвядомлены выбар актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Алімпіяда праходзіла на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На працягу дзвюх з паловай гадзін удзельнікі інтэлектуальнага спаборніцтва выконвалі 60 тэставых заданняў, якія тычыліся рацыянальнага харчавання, валеалогіі, прафілактыкі тытунекурэння, ВІЧ/СНІДу і інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, а таксама ўжывання псіхаактыўных рэчываў. Акрамя таго, навучэнцы запаўнялі “здароўезберагальную” крыжаванку і выконвалі творчае заданне. У цэлым, па словах членаў журы, алімпіяднікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніцы Настасся Рудзько з Сінкевіцкай сярэдняй школы Лунінецкага раёна і Вікторыя Белакраінская з сярэдняй школы № 31 Брэста, дзесяцікласніцы Аліна Білевіч з гімназіі Драгічына і Дар’я Сабалеўская з гімназіі № 2 Брэста, Кацярына Зышчук з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі і Алёна Падабедава з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.