Жыць у Беларусі і ганарыцца ёй

27.02.2017
- Дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш спрыяльным часам для авалодання дзецьмі асновамі беларускай народнай культуры, - расказвае загадчыца ясляў-сада № 4 Ганцавіч Л.І.Гарагляд. – Менавіта ў гэты перыяд у дзяцей фарміруюцца цікавасць і патрэба ў рознай інфармацыі, неабходнай для далейшага навучання ў школе. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі прадугледжвае фарміраванне ўяўленняў пра малую Радзіму, народныя і дзяржаўныя святы, сімвалы краіны і людзей, якія праславілі яе. Патрыятычнае выхаванне трэба пачынаць з дашкольнага ўзросту. Важнае месца ў ім займаюць заняткі на роднай мове, якія далучаюць дзяцей да беларускай культуры, традыцый і звычаяў. Нацыянальная самасвядомасць фарміруецца праз усведамленне культурна-гістарычнай каштоўнасці свайго народа.

Кожны чацвер у яслях-садзе – беларускамоўны. У гэты дзень усе педагогі, дзеці і іх бацькі размаўляюць па-беларуску. Акрамя таго, дашкольнікі вывучаюць нацыянальныя звычаі і традыцыі, падарожнічаюць па дзіўным свеце беларускіх казак, вершаў, загадак, забаўлянак і гульняў. У адзін з нядаўніх чацвяргоў адбылося мерапрыемства “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, на працягу якога дзеці чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі “Лявоніху” і “Трасуху”, слухалі музычныя народныя творы і творы айчынных аўтараў, гулялі ў народныя гульні, ігралі на музычных інструментах: цымбалах, жалейцы, свісцёлках, трашчотцы і бубні. Мерапрыемства пакінула шмат яркіх уражанняў не толькі ў выхаванцаў, але і ў гасцей.

- Усе педагогі мэтанакіравана далучаюць дзяцей да нацыянальнай культуры, - расказвае Л.І.Гарагляд. – Кіраўнікі фізічнага выхавання актыўна выкарыстоўваюць у рабоце народныя гульні, даюць кансультацыі педагогам і бацькам на тэму “Беларускія народныя гульні як сродак фізічнага выхавання і развіцця дзіцяці”. Музычныя кіраўнікі праводзяць фальклорныя святы: Гуканне вясны, Купалле, Каляды і інш. Дзеці, бацькі і педагогі з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у іх. Акрамя таго, выхавальнікі вучаць дзяцей маўленчаму этыкету ў розных сітуацыях.

Развіццё маўлення дзяцей адбываецца ў мастацкай (расказванне беларускіх народных казак, завучванне вершаў), працоўнай (прыбіранне ў гульнявым кутку) і гульнявой (драўляныя пазлы “Складзі карту Беларусі”) дзейнасці, а таксама на занятках “Па старонках Чырвонай Кнігі Беларусі”, “Нацыянальная сімволіка Беларусі: сцяг, гімн, герб”, “Беларуская нацыянальная ежа” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: саломка”.

- Вельмі важна, каб дзеці ведалі родную мову, з павагай ставіліся да яе і не саромеліся на ёй размаўляць, каб кожны мог сказаць: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!” – падагульняе Л.І.Гарагляд.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.