Разам вырашаць агульныя задачы

01.02.2017
Напрыканцы мінулага тыдня міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка наведаў з трохдзённым рабочым візітам Брэстчыну. Падчас паездкі Ігар Васільевіч уважліва азнаёміўся з дзейнасцю шэрага ўстаноў адукацыі і сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю вобласці.

У першы дзень міністр адукацыі пабываў у Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” у Кобрынскім раёне. Дырэктар установы Ю.Л.Цітовіч правёў для І.В.Карпенкі азнаямляльную экскурсію па цэнтры, расказаў пра арганізацыю адукацыйнага і аздараўленчага працэсу ў ім на працягу ўсяго каляндарнага года.

У другі дзень міністра адукацыі гасцінна сустракалі ў Чэрнінскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна. Сельская ўстанова адукацыі была выбрана для візіту невыпадкова. Школа знаходзіцца ў прыгарадзе абласнога цэнтра, што накладвае адбітак на яе работу.

- Сёння ў школе атрымліваюць веды 530 дзяцей з 10 вёсак, хаця па праектнай магутнасці яна разлічана толькі на 390 вучняў, - расказала дырэктар установы адукацыі А.А.Пастаялка. – Населены пункт імкліва развіваецца за кошт інтэнсіўнай індывідуальнай забудовы. Колькасць дзяцей з году ў год няўхільна павялічваецца. Школа адчувае востры недахоп вучэбных памяшканняў. У перспектыве плануецца зрабіць да ўстановы адукацыі прыбудову.

Чэрнінскія школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах, дзе паказваюць даволі высокія вынікі. Так, другі год запар вучні з’яўляюцца абсалютнымі пераможцамі абласнога конкурсу робататэхнікі “РобаФэст”. Школьная каманда абараняла гонар Брэстчыны на спаборніцтвах JuniorSkills у рамках рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus 2016, дзе ў кампетэнцыі “Прататыпаванне” ва ўзроставай катэгорыі 10 – 13 гадоў заняла першае месца.

- Значную ролю ў вучнёўскіх перамогах адыгрывае тое, што ў школе актыўна развіваецца напрамак 3D друку, - заўважыла А.А.Пастаялка. – Дзеці з вялікай цікавасцю канструююць і друкуюць робатаў з дапамогай 3D прынтара.

Па словах дырэктара, рэалізацыя праекта электроннай школы дазволіла вывесці выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе на новы ўзровень. Ва ўстанове адукацыі створана высокахуткасная вылічальная сетка з вылучаным серверам і выхадам у інтэрнэт, доступ да якога ёсць ва ўсіх кабінетах і нават калідорах (тэхналогія Wi-Fi). Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, амаль усе класы камп’ютарызаваны, тры вучэбныя кабінеты аснашчаны інтэрактыўнымі дошкамі.

- З мінулага года ў школе ўкараняецца сістэма электронных дзённікаў і журналаў на базе платформы schools.by, - расказала А.А.Пастаялка. – Галоўная мэта новаўвядзення – павышэнне іміджу ацэнкі і ўмацаванне яе ролі ў стымуляванні вучэбнага працэсу. Сістэма электронных журналаў ахоплівае вучняў 5 – 11 класаў. Для эфектыўнай работы ў гэтым напрамку неабходна аснасціць кожны кабінет сучасным камп’ютарызаваным рабочым месцам педагога. Большая частка камп’ютараў ужо выпрацавала свой рэсурс і патрабуе замены.

Наладжана супрацоўніцтва з факультэтам электронна-інфармацыйных сістэм БрДТУ. Універсітэцкія выкладчыкі праводзяць з дзецьмі цікавыя і пазнавальныя заняткі.

Асаблівым гонарам школы з’яўляецца аднаўленне напаўразбуранай цяпліцы, дзе вучні пад кіраўніцтвам педагогаў вырошчваюць цыбулю і цюльпаны. Цяпліца актыўна выкарыстоўваецца пры вывучэнні біялогіі на практычных занятках.

- У перспектыве плануем укараніць шматфункцыянальныя пластыкавыя карткі для вучняў, аўтаматызаваць работу бібліятэкі шляхам нанясення на кнігі штрых-кодаў і стварыць сучасны інфармацыйна-паліграфічны цэнтр, - адзначыла А.А.Пастаялка.

Азнаёміўшыся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы і асаблівасцямі арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў ёй, міністр адукацыі станоўча ацаніў прафесійныя намаганні чэрнінскіх педагогаў. Гаворачы пра электронную школу, І.В.Карпенка скіраваў настаўнікаў да ўкаранення адзіных электронных карт вучняў, якімі можна карыстацца пры праездзе ў грамадскім транспарце, аплаце харчавання і прапускным рэжыме ва ўстанове адукацыі.

Ігар Васільевіч пабываў на ўроках інфарматыкі, фізікі, гісторыі і фізкультуры, дзе пацікавіўся ў дзяцей вучэбнымі поспехамі і планамі на прафесійную будучыню.

У Брэсце І.В.Карпенка наведаў яслі-сад – пачатковую школу № 10 і сярэднюю школу № 1, размешчаныя ў новых мікрараёнах. Абедзьве ўстановы адукацыі маюць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, якая дазваляе паспяхова вырашаць розныя вучэбна-выхаваўчыя задачы.

Начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі праінфармаваў кіраўніка галіновага міністэрства аб рэалізацыі комплексных мер па забеспячэнні крокавай даступнасці дашкольных устаноў у вобласці. Найбольш актуальнай гэтая праблема з’яўляецца для Брэста, Баранавіч і Пінска. У розных гарадах яна вырашаецца па-рознаму: будаўніцтва новых устаноў і ўзвядзенне прыбудоў да існуючых, сумяшчэнне спальных і гульнявых памяшканняў, адкрыццё новых форм дашкольнай адукацыі і ўбудаваных дзіцячых садоў з кароткачасовым знаходжаннем на першых паверхах шматкватэрных дамоў. Міністр адукацыі падтрымаў гэтыя рашэнні і заклікаў больш актыўна ўкараняць некаторыя з іх.

У размовах з педагогамі І.В.Карпенка цікавіўся іх меркаваннямі наконт нядаўніх загадаў Міністэрства адукацыі аб арганізацыі шостага школьнага дня і рэгламентацыі дзейнасці бацькоўскіх камітэтаў і папячыцельскіх саветаў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі падзяліліся цікавымі напрацоўкамі ў гэтым напрамку і пагадзіліся з мэтазгоднасцю прынятых рашэнняў, якія выклікалі шырокі рэзананс у СМІ і неадназначныя водгукі ў грамадстве.

У сярэдняй школе № 1 міністр адукацыі азнаёміўся з сучасным безбар’ерным асяроддзем, створаным для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спецыфіка ўстановы адукацыі звязана з дзейнасцю класаў інтэграванага навучання.

- Неабходна ўдзяляць павышаную ўвагу кадраваму забеспячэнню інклюзіўнай адукацыі, - адзначыў І.В.Карпенка. – Патрабуе якаснага паляпшэння работа па ўзаемадзеянні школы і бацькоў у выхаванні дзяцей, а таксама з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі па фарміраванні працоўных навыкаў і ўменняў вучняў, іх паспяховай сацыялізацыі і далучэнні да грамадска карыснай працы.

Апошнім пунктам візіту міністра адукацыі стала сярэдняя школа № 1 Жабінкі. Гісторыя навучальнай установы налічвае амаль 80 гадоў і звязана з няспынным развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравага патэнцыялу. У школе, дзе атрымліваюць веды 852 вучні, дзейнічаюць 7 інтэграваных класаў, арганізавана профільнае навучанне па трох напрамках. У распараджэнні педагогаў і дзяцей – 62 камп’ютары, 13 ноўтбукаў, 3 інтэрактыўныя дошкі, 13 праектараў, 5 тэлевізараў і нават інфакіёск. На школьным стадыёне абсталяваны сучасныя пляцоўкі для міні-футбола, валейбола і баскетбола, гульнявыя і гімнастычныя гарадкі, а таксама бегавыя дарожкі. Факультатыўныя заняткі наведваюць 60% вучняў.

Дырэктар школы М.П.Савянкоў расказаў, што педагогі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. На рахунку настаўнікаў – два рэалізаваныя праекты: “Укараненне мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту” і “Апрабацыя мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Сёння жабінкаўскія педагогі рэалізоўваюць праект “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. У рамках гэтага праекта наладжана сеткавае ўзаемадзеянне з 23 установамі адукацыі краіны.

Міністр адукацыі наведаў школу ў суботу, таму яго асабліва цікавіла арганізацыя факультатыўных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў у гэты дзень. І.В.Карпенка пабываў на некаторых з іх і паразмаўляў з вучнямі і педагогамі. Адметна, што заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Творчая майстэрня” праходзілі з актыўным удзелам бацькоў дзяцей. Міністр адукацыі падтрымаў устаноўку ў школьным калідоры гульнявых сталоў для тэніса і дзіцячага більярда, якія дапамагаюць вучням зняць разумовае напружанне і весела правесці вольны час.

Так атрымалася, што якраз у час візіту міністра адукацыі ў школе праводзіўся бацькоўскі сход, арганізаваны для мам і татаў пяцікласнікаў. Гэтае мерапрыемства стала добрай нагодай для шчырай і адкрытай гутаркі па розных напрамках развіцця айчыннай сістэмы адукацыі. Падчас размовы І.В.Карпенка закрануў праблему эфектыўнага ўзаемадзеяння бацькоў і педагогаў, найперш у выхаванні дзяцей. Ігар Васільевіч лічыць, што мамы і таты павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і не перакладваць выхаваўчыя абавязкі на школу. Міністр адукацыі заклікаў бацькоў арыентаваць дзяцей на паступленне не толькі ва УВА, але і ў ССНУ і ПТНУ. “Галоўнае – не атрыманне вышэйшай адукацыі, а мэтанакіраваная падрыхтоўка вучняў да дарослага жыцця, іх паспяховая сацыялізацыя”, - падкрэсліў І.В.Карпенка.

Шмат увагі міністр адукацыі ўдзяліў укараненню электроннай школы і дзейнасці бацькоўскіх камітэтаў і папячыцельскіх саветаў. Ігар Васільевіч адзначыў, што іх асноўная задача заключаецца не ў зборы грашовых сродкаў, а найперш у сумесным удзеле ў вырашэнні розных праблем адукацыйнага працэсу.

У рамках візіту адбылася сустрэча міністра адукацыі з працоўным калектывам школы. Падчас працяглай зацікаўленай размовы аб актуальных напрамках сучаснай адукацыі І.В.Карпенка падзяліўся з педагогамі ўражаннямі ад паездкі па Брэстчыне. Кіраўнік галіновага міністэрства прызнаўся, што застаўся задаволены ўбачаным. Паездкі па школах, лічыць міністр, дапамагаюць вызначыць рэальныя праблемы ў сістэме адукацыі і абазначыць эфектыўныя шляхі іх вырашэння, адштурхоўваючыся ад жыцця.

- Ніводны міністр адукацыі не можа эфектыўна працаваць без апоры на настаўніцтва, - адзначыў І.В.Карпенка. – Толькі разам можна вырашыць агульныя задачы. Адна з іх – арганізацыя якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу і пабудова сістэмнага і выніковага ўзаемадзеяння з бацькамі вучняў. Настаўнікі не павінны забываць, што выхоўваць можна і трэба падчас навучання. Для гэтага падыходзяць любыя прадметы. Каб адбыцца як асоба, адных ведаў мала, варта мець дакладную грамадзянскую пазіцыю і валодаць важнымі маральнымі якасцямі.

Міністр адукацыі заклікаў педагогаў да арганізацыі школьнай суботы без фармалізму і актыўнага ўдзелу ў аналізе падручнікаў для ўнясення ў іх неабходных карэктыў. Акрамя таго, І.В.Карпенка падкрэсліў, што сістэма адукацыі павінна рыхтаваць прафесійныя кадры для айчыннай, а не замежнай эканомікі.

Педагогі пацікавіліся ў міністра адукацыі аб мэтазгоднасці зніжэння патрабаванняў пры ацэньванні пісьмовага маўлення сучасных школьнікаў і дыферэнцыяцыі аплаты настаўніцкай працы за праверку вучнёўскіх сшыткаў у класах рознай напаўняльнасці.

Шчыры, адкрыты і зацікаўлены дыялог І.В.Карпенкі з педагогамі будзе прадоўжаны падчас наступных візітаў у іншыя рэгіёны краіны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

ГУО "Средняя школа №1 г.Бреста"

ГУО "Средняя школа №1 г.Жабинки"

ГУО "Средняя школа д.Черни"

ГУО "УПК ясли-сад - начальная школа №10 г.Бреста"