Выхоўваць душы, непрыступныя для заган

13.01.2017
- Іаан Златавуст казаў: “Добрае выхаванне не ў тым, каб спачатку даць магчымасць развіцца заганам, а потым з імі змагацца. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць душу дзіцяці непрыступнай для заган”, - гаворыць настаўніца гісторыі Н.М.Алесік з гімназіі № 4 Брэста. – Маральнае выхаванне моладзі – адно з найбольш актуальных пытанняў у сучасным свеце. Сёння вельмі адчуваецца адарванасць чалавека ад каранёў, без чаго губляецца пачуццё Бацькаўшчыны. Дзеці адкрыты негатыўнаму ўплыву агрэсіўнай масавай культуры, якая разбурае іх асобу. Таму школа павінна выхоўваць вучняў з развітым пачуццём грамадзянскай адказнасці. Выхоўваць так, каб кожнае дзіця адрознівала дабро ад зла і магло зрабіць правільны маральны выбар.

Н.М.Алесік лічыць, што важнае месца ў духоўным выхаванні вучняў займаюць праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі, звычаі і культура беларускага народа. Праваслаўе, якое з’яўляецца гісторыка-, культура- і сэнсаўтваральным элементам нашага жыцця, адыграла вялікую ролю ў станаўленні дзяржавы і грамадства, сям’і і чалавека, духоўнасці, культуры і выхавання. Сёння надзвычай востра адчуваецца патрэба ва ўроках дабрыні ў школах. Таму ўстановы адукацыі актыўна супрацоўнічаюць з Беларускай праваслаўнай царквой.

У кожнай школе задачы духоўнага выхавання рэалізоўваюцца па-рознаму. З 2014 года ў гімназіі № 4 Брэста па ініцыятыве дырэктара А.В.Шкулепа ажыццяўляецца праект духоўна-эстэтычнага выхавання падлеткаў “Лапікі”, аўтарамі якога з’яўляюцца настаўніцы гісторыі Л.А.Сцепанюк і Н.М.Алесік. Галоўная ідэя праекта – фарміраванне духоўнай бяспекі ў вучняў, паколькі менавіта духоўна неакрэплыя дарослыя і дзеці трапляюць у розныя секты, акультныя аб’яднанні, губляюць сэнс жыцця, становяцца падуладнымі суіцыдальным паводзінам і трапляюць у наркатычную залежнасць.

- Праект цесна звязаны з гісторыяй, літаратурай, грамадазнаўствам і іншымі школьнымі прадметамі і музычнымі дысцыплінамі дадатковай адукацыі, якія выкладаюцца ў гімназіі, - расказвае Н.М.Алесік. – У рамках праекта педагогі выхоўваюць у вучняў духоўнасць, абуджаюць у іх эстэтычныя і рэлігійныя пачуцці, якія грунтуюцца на нормах традыцыйнай маралі і праваслаўнай культуры.

Назву праекта падказала дзіцячая казка-прытча “Лапікавая коўдра” пра садоўніка, які змог ахінуць чароўнай коўдрай дзівосны сад. У якасці лапікаў для коўдры ён выкарыстаў цеплыню чалавечых душ, якую ахвяравалі жыхары чароўнага горада. Кожны з іх згадзіўся стаць маленькім лапікам для вялікай коўдры, каб выратаваць сад. Чароўная коўдра – гэта метафара ўсіх дзіцячых сэрцаў.

У праекце ўдзельнічаюць вучні 5 – 8 класаў. Аўтары спадзяюцца, што праз гісторыю, спалучаную з сучаснасцю, падлеткі правільна сфарміруюць свае адносіны да сябе, сям’і, навакольнага свету, Радзімы, духоўных святынь і роднай прыроды.

У рамках праекта праводзяцца розныя мерапрыемствы: тэматычныя гутаркі, літаратурныя пастаноўкі і круглыя сталы з тэарэтычным знаёмствам з гісторыяй праваслаўя (відэафільмы, царкоўныя песнапенні, творы царкоўнага іканапісу і літаратуры). Аўтары праекта імкнуцца актывізаваць дзейнасць вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў прыкладнога характару (выраб “Чароўнай коўдры добрых спраў” і падарункаў для мам сваімі рукамі).

- Адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца актыўнае супрацоўніцтва педагогаў і падлеткаў са святарамі, з нядзельнымі школамі гарадскіх і прыходскіх храмаў, - гаворыць Н.М.Алесік. – Так, вучні пабывалі ў нядзельнай школе Уздзвіжанскага храма ў Высокім Камянецкага раёна, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю вакальнай студыі, якая існуе там шмат гадоў пад кіраўніцтвам настаяцеля храма айца Анатоля Медзведзюка. З вялікім інтарэсам і задавальненнем падлеткі наведваюць духоўныя святыні Беларусі.

Адным з новых напрамкаў праекта ў бягучым навучальным годзе стала дабрачынная дзейнасць, якая рэалізоўваецца ў форме супрацоўніцтва з дзіцячым домам сямейнага тыпу і раённымі ЦКРНіР Брэста “Тонус” і “Веда”. Акрамя таго, педагогі пашыраюць веды вучняў пра Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Сафію Слуцкую, Ульяну Гальшанскую і Сімяона Полацкага. У планах – экскурсія на Полаччыну і Тураўшчыну. Настаўнікі ўпэўнены, што каменныя крыжы Тураўшчыны, Спаса-Ефрасіннеўская царква і Сафійскі храм не пакінуць раўнадушнымі выхаванцаў.

- Добрае выхаванне надзейна ахоўвае чалавека ад тых, хто дрэнна выхаваны, - адзначае Н.М.Алесік.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.