Каб фінансы не спявалі рамансы

21.12.2016
На базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці адбылася ІІІ Абласная алімпіяда па фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Спаборніцтва арганізавалі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці.

- Фінансавыя веды займаюць важнае месца ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыла на адкрыцці алімпіяды намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Папова. – Ад таго, наколькі людзі разумна і адказна распараджаюцца ўласнымі грашовымі сродкамі, залежыць іх дабрабыт на працягу жыцця. Нізкая фінансавая дасведчанасць можа прывесці да сумных вынікаў у пытаннях сямейнай эканомікі. Таму фінансавую культуру неабходна развіваць ужо са школы. Гэта дапаможа ў дарослым жыцці прымаць правільныя, эканамічна абгрунтаваныя рашэнні пры планаванні ўласнага бюджэту, мінімізаваць магчымыя рызыкі ў розных жыццёвых сітуацыях і павысіць фінансавую бяспеку ўвогуле.

У інтэлектуальным марафоне ўдзельнічалі 60 вучняў 10 – 11 класаў. Алімпіядныя заданні, аб’яднаныя па 8 тэмах, былі распрацаваны банкаўскімі работнікамі. Школьнікі шукалі адказы на 32 пытанні, якія тычыліся дэнамінацыі, укладаў, крэдытаў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі, страхавання, падаткаў і каштоўных папер. Па словах журы, куды ўвайшлі прадстаўнікі некалькіх вядучых банкаў краіны, вучні паказалі добрыя веды, нягледзячы на тое, што сёлетнія заданні аказаліся больш складанымі за мінулагоднія.

Самым фінансава дасведчаным вучнем аказаўся адзінаццацікласнік Дзмітрый Мароз з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста. Дыплом ІІ ступені атрымаў адзінаццацікласнік Максім Аўсянік з гімназіі № 2 Баранавіч. Дыплом ІІІ ступені дастаўся адзінаццацікласніку Вадзіму Рыбачуку з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Пераможцы атрымалі ад банкаў-партнёраў каштоўныя падарункі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.