І адпачылі, і зарабілі

20.12.2016
На Брэстчыне падвялі вынікі трэцяга працоўнага семестра. Урачыстае мерапрыемства з нагоды яго закрыцця адбылося ў гарадскім Доме культуры Століна, дзе сабраліся лепшыя камандзіры, камісары і ўдзельнікі розных студэнцкіх атрадаў, а таксама ветэраны камсамола і ганаровыя госці.

Як паведамілі ў абкаме БРСМ, Століншчына на працягу апошніх гадоў з’яўляецца адным з лепшых рэгіёнаў краіны па арганізацыі працаўладкавання і занятасці моладзі. Работа раённага штаба працоўных спраў адзначана ў розных намінацыях на рэспубліканскім узроўні.

У фае ГДК былі прадстаўлены выстава-экспазіцыя і фотасушка, прысвечаныя дзейнасці студатрадаўскага руху Брэстчыны. У рамках мерапрыемства прайшоў адкрыты дыялог на тэму “Студатрадаўскі рух – вядучы напрамак дзейнасці БРСМ”. Экспертамі дыялогу сталі лідары маладзёжнага руху розных гадоў, прадстаўнікі Столінскага райвыканкама і кіраўнікі прадпрыемстваў – наймальнікаў студатрадаў.

Сёлета ў трэцім працоўным семестры ў складзе 617 студэнцкіх атрадаў было працаўладкавана больш за 9,5 тысячы маладых людзей Брэстчыны. Самымі масавымі сталі сельскагаспадарчыя (каля 3,1 тысячы чалавек) і сэрвісныя (каля 3,6 тысячы чалавек) атрады. Моладзь займалася праполкай культур, уборкай ураджаю зерневых, нарыхтоўкай і перапрацоўкай садавіны, агародніны і фруктаў. Студэнты працавалі не толькі на дзяржаўных прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, але і ў фермерскіх гаспадарках.

Даволі шматколькаснымі аказаліся і будаўнічыя атрады (каля тысячы чалавек). Іх прадстаўнікі былі задзейнічаны на аб’ектах у буйных гарадах. Так, у Брэсце студэнты і навучэнцы дапамагалі будаваць Заходні абход вакол абласнога цэнтра, рэканструяваць гасцініцу “Беларусь”, пракладвалі камунікацыі да будынка падатковай інспекцыі. Студатрадаўцы працавалі і на значных будоўлях Пінска, дзякуючы дамове аб супрацоўніцтве паміж гаркамам БРСМ і будаўнічым трэстам № 2.

Будучыя настаўнікі і выкладчыкі таксама правялі лета з карысцю, набраўшыся вопыту ў педагагічных атрадах. Работу важатымі ў дзіцячых аздараўленчых цэнтрах і лагерах адпачынку Брэстчыны атрымала больш за тысячу чалавек. Карысталіся папулярнасцю экалагічныя атрады, у складзе якіх амаль 250 юнакоў і дзяўчат працавалі ў лясгасах, добраўпарадкоўвалі населеныя пункты.

Па выніках трэцяга працоўнага семестра лепшым гарадскім штабам студэнцкіх атрадаў стаў Брэсцкі гаркам БРСМ (камандзір – першы сакратар Дзяніс Сілівонік), лепшым раённым штабам студэнцкіх атрадаў – Столінскі райкам БРСМ (камандзір – першы сакратар Вадзім Заруба), лепшым штабам працоўных спраў ПТНУ і ССНУ – штаб Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (камандзір Марына Дудко), лепшым педагагічным студэнцкім атрадам – атрад “Палаючыя сэрцы” Бярозаўскага райкама БРСМ (камандзір Марыя Сявякава), лепшым экалагічным студэнцкім атрадам – атрад “Эдэльвейс” Лунінецкага райкама БРСМ (камандзір Андрэй Канапацкі), лепшым сельскагаспадарчым студэнцкім атрадам – атрад імя Гудзімава

Пружанскага райкама БРСМ (камандзір Максім Канапацкі), лепшым сэрвісным студэнцкім атрадам – атрад імя П.М.Машэрава Столінскага райкама БРСМ (камандзір Васіль Пратасавіцкі). Лепшым штабам студэнцкіх атрадаў пярвічных арганізацый БРСМ прызнана пярвічка БрДТУ (камандзір – сакратар пярвічнай арганізацыі Яўген Кузьміч). Лепшы наймальнік студэнцкіх атрадаў – ААТ “Гарынскі агракамбінат” (Столін).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.