Падзяліліся вопытам экалагічнай адукацыі

10.12.2016
На базе Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прайшоў абласны форум “Экалагічная адукацыя як фактар устойлівага развіцця грамадства”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 60 педагогаў школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэстчыны.

- Форум праводзіўся з мэтай актывізацыі і прапаганды эколага-біялагічнай дзейнасці з вучнямі, абагульнення лепшага вопыту экалагічнай адукацыі ва ўстановах вобласці, - расказала загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уварава. – На пленарным пасяджэнні ўдзельнікі форуму азнаёміліся з перспектывамі і напрамкамі развіцця экалагічнай адукацыі Брэстчыны, асаблівасцямі экалагічнага выхавання дзяцей з АПФР для іх паспяховай сацыялізацыі і рэабілітацыі, арганізацыяй навукова-даследчай работы па экалогіі ў школе і дзейнасцю зялёных школ, а таксама з вынікамі супрацоўніцтва рай(гар)інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з установамі адукацыі.

Эфектыўнымі напрацоўкамі педагогі дзяліліся ў секцыях “Даследчая дзейнасць як спосаб фарміравання экалагічнага мыслення”, “Актыўныя метады навучання ў экалагічнай адукацыі” і “Сістэмны падыход да экалагічнай адукацыі вучняў”. На майстар-класах удзельнікі форуму стваралі творчыя работы з дапамогай розных тэхнік. Так, педагогі выраблялі фларыстычныя прадметы, сувеніры з саломкі і навагоднія паштоўкі ў тэхніцы айрыс-фолдынг, займаліся пляценнем з кукурузнага лісця. Акрамя таго, удзельнікі форуму азнаёміліся з гульнёй “Кветкавы экспрэс”.

У інтэрактыўнай экагасцёўні, якая праходзіла пад дэвізам “Фарміраванне экалагічнай культуры – шлях да здаровага ладу жыцця”, дэманстраваліся відэаматэрыялы па прапагандзе рэсурса- і энергазберажэння, праводзілася дэгустацыя фітагарбаты і працавала пляцоўка “Экаагарод”, дзе можна было ўбачыць кветкі, лекавыя расліны, фрукты і экзатычную садавіну і агародніну, вырашчаныя ў вучэбным эколага-біялагічным комплексе.

Завяршыўся форум круглым сталом “Экалагічная адукацыя вучняў – комплекс форм і метадаў у агульнай і дадатковай адукацыі”, на якім абмяркоўваліся пытанні правядзення розных экалагічных масавых мерапрыемстваў абласнога ўзроўню. Падчас іх фарміруюцца экалагічная культура дзяцей, беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў, развіваюцца і падтрымліваюцца творчыя маладзёжныя ініцыятывы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

- Удзельнікі форуму адзначылі неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння ўстаноў дадатковай адукацыі са школамі ў сумесным праектаванні эколага-адукацыйнага асяроддзя, стварэнні рэсурсных цэнтраў, арганізацыі практык на вучэбна-доследных участках і экалагічных комплексах, правядзенні абласных метадычных семінараў на базе лепшых устаноў вобласці па экалагічным выхаванні, прыродаахоўных арганізацый, зацікаўленых прадпрыемстваў і ведамстваў, а таксама ва ўмацаванні сувязей з ПТНУ і УВА і ўдзеле ў міжрэгіянальных і міжнародных праектах, - расказала Г.І.Уварава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.