Цэнтр творчасці і ініцыятывы кіраўнікоў

29.11.2016
З 2005 года пры Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце дзейнічае клуб “Перспектыва” для кіраўнікоў устаноў адукацыі. Прафесійнае аб’яднанне стваралася з мэтай аказання метадычнай дапамогі нядаўна прызначаным дырэктарам школ, якія адчуваюць цяжкасці ў кіраўніцкай дзейнасці. Акрамя таго, клуб – гэта пляцоўка для новых знаёмстваў, карысных кантактаў і навучальных мерапрыемстваў, дзе кожны можа самарэалізавацца ў коле аднадумцаў.

- Сёння ў клуб уваходзіць 8 творчых кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія вывучаюць і выкарыстоўваюць інавацыйныя формы работы ў кіраўніцкай дзейнасці, - расказвае кіраўнік клуба дырэктар Лядзецкага ясляў-сада – сярэдняй школы Аксана Мікалаеўна Ляшук. – Гэта актыўныя, энергічныя, мэтанакіраваныя і адказныя кіраўнікі, гатовыя аказаць метадычную дапамогу маладым калегам.

Клуб цесна супрацоўнічае з раённай школай станаўлення кіраўнікоў устаноў адукацыі. На базе школ, кіраўнікі якіх з’яўляюцца членамі “Перспектывы”, праходзяць заняткі школы станаўлення. Падчас іх нядаўна прызначаныя дырэктары атрымліваюць шмат карысных ведаў, пераймаюць вопыт у афармленні і вядзенні дакументацыі, вучацца планаваць і праводзіць педсаветы, атрымліваюць кваліфікаваную метадычную падтрымку. Акрамя таго, практыкуюцца прэс-канферэнцыі і сумесныя пасяджэнні клуба “Перспектыва” і школы станаўлення, дзе маладыя дырэктары абмяркоўваюць актуальныя пытанні кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці.

- Вынікам работы клуба з’яўляецца выданне метадычных распрацовак практычнай накіраванасці і рэкамендацыйнага характару, якія можна выкарыстоўваць у кіраўніцкай дзейнасці, - гаворыць А.М.Ляшук. – Акрамя таго, мы распрацоўваем памяткі і ўзоры афармлення школьнай дакументацыі, якія раённы вучэбна-метадычны кабінет прапаноўвае ў дапамогу ўсім кіраўнікам школ. У 2008 годзе члены клуба сталі ініцыятарамі правядзення раённага конкурсу “Кіраўнік года”.

Дзейнасць клуба не абмяжоўваецца толькі выпускам метадычных веснікаў. Удзельнікі аб’яднання не замыкаюцца ў рамках Століншчыны, а актыўна стасуюцца з калегамі з іншых рэгіёнаў. Так, з 2010 года “Перспектыва” плённа супрацоўнічае з клубам кіраўнікоў Кобрыншчыны. Было праведзена некалькі сустрэч, якія дазволілі бліжэй азнаёміцца з сістэмай адукацыі абодвух раёнаў, наведаць школы, падзяліцца напрацоўкамі ў кіраўніцкай дзейнасці. У 2014 годзе кіраўнікі ўстаноў адукацыі Століншчыны дзяліліся вопытам з калегамі з Дубровіцкага раёна Украіны, а летась – з дырэктарамі школ Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

- Вопыт работы клуба неаднаразова прэзентаваўся на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўні, - адзначае А.М.Ляшук. – Інтарэс да нашай дзейнасці праяўляюць метадысты Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Напрацоўкі “Перспектывы” карысталіся попытам на рэгіянальных этапах Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый у Іванаве ў 2014 і 2016 гадах.

Вельмі важна, што ўдзельнікі клуба не толькі эфектыўна працуюць, але і актыўна адпачываюць. Турыстычныя падарожжы па знакамітых мясцінах Беларусі дазваляюць стасавацца ў нязмушанай абстаноўцы, пашыраюць кругагляд. Традыцыйнымі сталі сямейныя турзлёты і святкаванні юбілеяў клуба.

- Наш клуб – гэта не прымусовае метадычнае аб’яднанне, а крыніца натхнення, новых ідэй і магчымасцей, цэнтр творчасці і ініцыятывы кіраўнікоў. Тут заўсёды зразумеюць, дапамогуць і падтрымаюць у цяжкую хвіліну і разам парадуюцца асабістым поспехам, - падагульняе А.М.Ляшук.