Пашыраць алімпійскую адукацыю ў школах

21.11.2016
У зале алімпійскай славы Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па алімпійскай адукацыі сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і школьных клубаў “Юны алімпіец” у мінулым навучальным годзе. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці і ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

- Мэта спаборніцтва – актывізацыя работы ў рамках існуючай Праграмы развіцця алімпійскай адукацыі, заахвочванне найбольш актыўных яе ўдзельнікаў, прапаганда алімпійскіх відаў спорту сярод моладзі і далейшае развіццё алімпійскага руху, - расказала дырэктар Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці А.Л.Белаконенка. – Брэстчына з’яўляецца адзіным рэгіёнам у краіне, дзе алімпійская адукацыя ўкараняецца на аснове распрацаванай праграмы. Нядаўна была прынята новая Праграма развіцця алімпійскай адукацыі на 2017 – 2020 гады. Акрамя таго, толькі на Брэстчыне праводзіцца абласны злёт клубаў “Юны алімпіец”, які сёлета прайшоў у дзявяты раз. Задача праграмы – павышаць алімпійскую дасведчанасць, пашыраць спартыўны кругагляд моладзі, далучаць яе да актыўных заняткаў спортам.

Абласны агляд-конкурс па алімпійскай адукацыі праводзіцца штогод сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і школьных клубаў “Юны алімпіец”. Мерапрыемствы, якія сёлета праходзілі ва ўстановах адукацыі пад эгідай Прадстаўніцтва, былі прысвечаны 25-гадоваму юбілею Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і Алімпійскім гульням. Клубаўцы ўдзельнічалі ў 5 творчых конкурсах, арганізоўвалі алімпійскія ўрокі, тэматычныя брэйн-рынгі, алімпійскія дні і тыдні, экскурсіі па спартыўных аб’ектах.

Па словах А.Л.Белаконенка, алімпійская адукацыя ўжо даўно і трывала ўвайшла ў школьную праграму. Дух алімпізму прысутнічае не толькі на спартыўных пляцоўках, але і на ўроках гісторыі, замежнай мовы і літаратуры. У алімпійскі адукацыйны працэс разам з творчымі конкурсамі ўключыліся амаль ўсе школьныя прадметы і пазакласныя заняткі. Адукацыя і спорт звязаны непарыўна, бо ад школы залежыць, якія дзеці прыйдуць ім займацца.

На мерапрыемства былі запрошаны старшыні лепшых школьных клубаў “Юны алімпіец” і кіраўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, якія паказалі высокія дасягненні ў рабоце па арганізацыі алімпійскай адукацыі.

Па выніках мінулага навучальнага года лепшыя клубы “Юны алімпіец” дзейнічалі ў гімназіі Іванава (кіраўнік А.М.Бенда, намеснік Л.Ф.Кабрынец), Першамайскім яслях-садзе – сярэдняй школе Бярозаўскага раёна (кіраўнік А.М.Іваноўская, намеснік У.М.Астапенка), Мірскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна (кіраўнік Н.М.Праневіч, намеснік А.І.Скіпар) і гімназіі № 2 Баранавіч (кіраўнік А.М.Дабрачынская, намеснік Н.Л.Хітрык). Лепш за ўсё работу па алімпійскай адукацыі ў мінулым навучальным годзе арганізавалі аддзелы адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага (начальнік Р.М.Сыса), Бярозаўскага (начальнік Т.П.Бранько) і Баранавіцкага (начальнік М.Г.Гапко) райвыканкамаў, а таксама Баранавіцкага гарвыканкама (начальнік А.С.Салавей).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.