Дапамагаюць любімай школе

18.11.2016
У брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава ўпэўнены, што ўстанова адукацыі адыгрывае важную ролю ў працоўным станаўленні вучняў. Таму працоўнаму выхаванню школьнікаў педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу.

- Працоўнае выхаванне ўключае не толькі заняткі на ўроках працоўнага навучання, але і пазакласныя мерапрыемствы: уборку замацаваных участкаў, удзел у суботніках, догляд за помнікамі і мемарыяльнымі дошкамі, летнюю працоўную практыку, работу ў абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і гарадскім вучэбна-вытворчым камбінаце, дзейнасць школьнай рамонтнай брыгады, - расказвае настаўніца абслуговай працы 20-й школы Л.А.Васілеўская. – Штогод гарадское ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне арганізоўвае занятасць каля 600 маладых людзей, у тым ліку школьнікаў. Многія вучні зацікаўлены ў самастойным заробку грошай і больш рацыянальным выкарыстанні вольнага часу. У гэтым напрамку школа працуе з 2000 года.

Сёлета 15 вучняў былі часова працаўладкаваны ў школьнай рамонтнай брыгадзе, сфарміраванай пераважна з падлеткаў, якія патрабуюць павышанай увагі. Пры адборы ўдзельнікаў брыгады ўлічваліся рэкамендацыі класных кіраўнікоў і сацыяльна-педагагічнай службы школы, узрост (ад 14 гадоў), жаданне працаваць, меркаванні бацькоў, медыцынскія паказанні і інш.

План дзейнасці брыгады быў зацверджаны дырэктарам школы. Штодзень вучні палівалі клумбы, ажыццяўлялі пагрузачна-разгрузачныя работы, рамантавалі мэблю, прыбіралі тэрыторыю, высаджвалі і даглядалі кветкі і г.д. Адначасова дзеці аздараўляліся ў школьным летніку з трохразовым харчаваннем.

- Работа ў брыгадзе будавалася па вытворчым прынцыпе, - гаворыць Л.А.Васілеўская. – Кіраўніком брыгады быў настаўнік, брыгадзіры выбіраліся з вучняў. На кожнага брыгадзіра прыходзіліся па 4 рабочыя. Брыгадзірскія абавязкі выконвалі вучні, узорныя ў рабоце і працоўнай дысцыпліне. Штодзень брыгады атрымлівалі інструктаж па заданнях ад кіраўнікоў. Брыгадзіры расстаўлялі членаў брыгады па рабочых месцах, вялі ўлік рабочага часу і выкананай работы ў спецыяльным журнале з роспісам членаў брыгады, кантралявалі вытворчую дысцыпліну. Пры неабходнасці кіраўнік брыгады карэкціраваў яе дзейнасць, накіроўваў і паказваў правільныя прыклады работ.

Напрыканцы тыдня праводзіліся пяціхвілінкі, дзе падводзіліся вынікі работы кожнай брыгады і рыхтаваліся невялікія паведамленні на тэмы “Што выпускаюць прадпрыемствы Брэста за адну хвіліну”, “Прэстыж рабочай прафесіі” і інш. Падчас перапынкаў вучні актыўна адпачывалі: наведвалі кінатэатр, удзельнічалі ў шахматна-шашачных турнірах, гулялі ў футбол і валейбол.

На пасяджэнні, прысвечаным завяршэнню работы ў брыгадзе, падводзіліся выніку ўдзелу ў конкурсе “Лепшы рабочы школьнай рамонтнай брыгады”, заслухоўваліся выступленні брыгадзіраў, членаў брыгады і яе кіраўніка. Дырэктар школы І.Ф.Нікіфаравец падзякавала вучням за выкананую работу і беражлівыя адносіны да маёмасці ўстановы адукацыі. На школьнай лінейцы 11 вучняў атрымалі заслужаныя граматы за добрасумленную працу ў брыгадзе і асабісты ўнёсак у падрыхтоўку школы да новага навучальнага года. Лепшыя члены рамонтнай брыгады адправіліся ў заахвочвальную экскурсійную паездку ў Полацк, арганізаваную дзякуючы шэфу школы ААТ “Брэстгазаапарат”.

- Вучням было прыемна атрымаць не толькі граматы і працоўныя кніжкі, але і першыя заробкі, што стала добрым стымулам і надалей зарабляць грошы ўласнай працай, - адзначае Л.А.Васілеўская. – Анкетаванне школьнікаў паказала іх імкненне дапамагчы роднай навучальнай установе, адчуць сябе часткай рабочага калектыву: “Спадабалася працаваць, было прыемна штосьці зрабіць для школы. Атрымаў працоўны вопыт і заробак”, “Спадабалася прыводзіць школу ў парадак. Гэты неацэнны вопыт абавязкова спатрэбіцца ў будучыні”, “Чакаў кожны новы дзень, каб зноў прыйсці на работу. Стараўся быць прыкладам як брыгадзір”.

За 16 гадоў у школьнай рамонтнай брыгадзе адпрацавалі больш за 220 вучняў, якія набылі падчас летніх канікул карысны працоўны вопыт не толькі ў сценах школы, але і на розных аб’ектах горада. Гэта добра пашырае кругагляд падлеткаў аб прафесіях і рыхтуе іх да самастойнага працоўнага жыцця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.