З гендарным падыходам да выхавання дашкольнікаў

18.10.2016
- Ці часта ў дзяцінстве гавораць дзяўчынкам, што яны будуць любячымі мамамі і клапатлівымі жонкамі, а хлопчыкам – татамі, гаспадарамі і абаронцамі сям’і? Наўрад ці. Але гэтае пытанне сёння надзвычай актуальнае. Таму ў нашай установе ўдзяляецца вялікая ўвага гендарнаму выхаванню дашкольнікаў, - гаворыць выхавальнік ясляў-сада № 8 Пінска Ігар Уладзіміравіч Жылевіч.

Па словах І.У.Жылевіча, сёння ў сістэме дашкольнай адукацыі ўзнікаюць праблемы па пытаннях гендарнага выхавання. Гэта звязана найперш з тым, што не выдзяляюцца гендарныя асаблівасці хлопчыкаў і дзяўчынак. У выніку змест адукацыі арыентаваны на ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей, а не на хлопчыкаў і дзяўчынак пэўнага ўзросту, якія, па меркаванні навукоўцаў, адрозніваюцца ў фізічным развіцці і сацыяльных паводзінах, інтэлектуальных і візуальна-прасторавых здольнасцях, узроўні дасягненняў, праяўленні агрэсіі і г.д. Назіраецца фемінізацыя сістэмы выхавання ў дашкольных установах, дзе працуюць толькі жанчыны, і ў сем’ях (асабліва няпоўных), дзе выхаваннем дзяцей займаюцца пераважна мамы.

- Формы і метады работы з дзецьмі, стратэгіі навучання найчасцей разлічаны на дзяўчынак, - адзначае Ігар Уладзіміравіч. – Па меркаванні навукоўцаў, жанчыны не могуць правільна выхоўваць хлопчыкаў, паколькі ў іх іншы тып мыслення. Натуральна, што мама, якая самастойна выхоўвае хлопчыка, не валодае дзіцячым вопытам перажыванняў, набытым хлопчыкам дашкольнага ўзросту пры зносінах з дарослымі і дзецьмі. Таму пры зносінах з хлопчыкамі многія дарослыя перакананы, што калі гэта хлопчык, то, значыць, ён з’яўляецца ўвасабленнем волі, сілы і трываласці. У выніку гэтага стэрэатыпу зусім не мужныя і баязлівыя з-за індывідуальных асаблівасцей, фізічна слабыя і вельмі ранімыя хлопчыкі могуць падвяргацца з боку дарослых уздзеянню, якое будзе іх траўміраваць. Такім чынам, праблема выхавання дзяцей з улікам палавых адрозненняў, якая дазваляе інакш убачыць спецыфіку педагагічнай работы з дашкольнікамі, вельмі актуальная.

Мадэль педагагічнага працэсу ў яслях-садзе № 8 выбудоўваецца так, што пры захаванні змешаных груп выкарыстоўваецца дыферэнцаваны падыход да выхавання і навучання хлопчыкаў і дзяўчынак у розных відах дзейнасці. Так, на фізкультурных занятках ажыццяўляецца розная дазіроўка практыкаванняў, выкарыстоўваюцца розныя віды рухаў, па-рознаму размяркоўваюцца ролі ў рухавых гульнях, па-рознаму ацэньваецца дзейнасць, увага дзяцей акцэнтуецца на мужчынскіх і жаночых відах спорту. На музычных занятках рэпертуар і танцавальныя нумары таксама выбудоўваюцца з улікам полу дзяцей. Пры развучванні танцаў хлопчыкі авалодваюць навыкамі вядучага партнёра, а дзяўчынкі набываюць грацыёзнасць, вытанчанасць і мяккасць рухаў.

- Эфектыўным сродкам сацыялізацыі з’яўляецца выяўленчая дзейнасць, - заўважае І.У.Жылевіч. – У малюнках дзеці адлюстроўваюць уяўленні пра знешні выгляд хлопчыкаў і дзяўчынак, дружбу паміж імі і сямейныя адносіны. Працоўныя даручэнні размяркоўваюцца ў залежнасці ад полу дзіцяці: хлопчыкі атрымліваюць работу, звязаную з прымяненнем фізічнай сілы, а дзяўчынкі – з акуратнасцю. Этычныя гутаркі з дзецьмі фарміруюць навыкі ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі свайго і процілеглага полу, маральныя якасці, характэрныя для хлопчыкаў і дзяўчынак. У спецыяльна арганізаванай дзейнасці па фарміраванні ў дзяцей элементарных матэматычных уяўленняў выкарыстоўваецца розны раздатачны матэрыял для хлопчыкаў і дзяўчынак. Уменні і навыкі, набытыя дашкольнікамі падчас гендарнага выхавання, культуру ўзаемаадносін полаў можна ўбачыць на святочных і забаўляльных мерапрыемствах з удзелам бацькоў.

І.У.Жылевіч лічыць, што гендарная сацыялізацыя паспяховая ў групе, дзе ў пары з выхавальнікам-жанчынай працуе выхавальнік-мужчына, аўтарытэт якога вялікі як сярод хлопчыкаў, так і сярод дзяўчынак.

Узнікае заканамернае пытанне: “Ці ёсць адрозненні паміж мужчынскім і жаночым выхаваннем?”. Безумоўна, ёсць. Іх умелае спалучэнне вельмі важнае ў гарманічным развіцці дзяцей.

Работу па гендарным выхаванні дашкольнікаў І.У.Жылевіч праектуе з педагогамі ў форме майстар-класаў. Спецыфіка іх правядзення заключаецца ў раздзяленні мужчынскага і жаночага бачання гэтай праблемы. Удзельнікі дзеляцца на 2 групы. Мужчынам трэба намаляваць хлопчыка, а жанчынам – дзяўчынку, вызначыўшы найбольш важныя якасці, неабходныя ў іх выхаванні. Вынікі такой дзейнасці паказваюць, як дакладна і канкрэтна малююць мужчыны і як дэталёва – жанчыны. Цікава спраўляюцца ўдзельнікі майстар-класаў і з лепкай любімых цацак. Работа мужчын і жанчын адрозніваецца тэхнікай. У мужчын цацкі атрымліваюцца цэласнымі і абцякальнымі, а ў жанчын – больш дэталізаванымі.

- Падчас майстар-класаў з педагогамі па гендарным выхаванні ў мяне ёсць магчымасць, абапіраючыся на вопыт уласных дзіцячых перажыванняў, паказаць асаблівасці выхавання хлопчыкаў у групе. Працуючы ў пары з калегай-жанчынай, нам лягчэй знайсці ключык да разумення дзіцячых сэрцаў. Я знаходжу ў яе вопыт выхавання дзяўчынак у групе, а яна ў мяне – вопыт работы з хлопчыкамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі – гэта два розныя светы, таму нельга выхоўваць іх аднолькава. Даўшы зразумець дзецям сваю сутнасць і прызначэнне, мы аблегчым ім у далейшым жыццё, дапаможам пазбегнуць уласных памылак. Але ўсё ж прыярытэтную ролю ў гендарным выхаванні дашкольнікаў павінна адыгрываць сям’я, - падагульняе Ігар Уладзіміравіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.