Гуляем з колерам
17.10.2016Данута Паўлаўна стварае неабходныя ўмовы для сенсорнага развіцця дашкольнікаў: абагачае пачуццёвы вопыт дзяцей у розных відах дзейнасці, фарміруе ўменні малышоў выкарыстоўваць адчувальнасць, зрок і слых для свайго развіцця, вучыць даследаваць прадметы, выдзяляючы іх колер, велічыню і форму. Для гэтага выхавальніца прымяняе гульнявую методыку, бо прадметна-гульнявое асяроддзе добра садзейнічае дзіцячай актыўнасці і самавыяўленню. Акрамя таго, дыдактычныя гульні і практыкаванні, праблемна-гульнявая дзейнасць павышаюць самастойнасць дашкольнікаў, развіваюць іх творчыя здольнасці.
Прадметна-гульнявое асяроддзе складаецца з арганізацыі сенсорнага кутка ў групе, афармлення “Сенсорнай палянкі” (па спецыяльных слядах дзеці трапляюць у розныя сітуацыі, замацоўваючы ў свядомасці колер і форму прадметаў), “Каляровага альбома” і альбома “Вясёлыя фігуры”, а таксама вырабу з малышамі наглядных дапаможнікаў кшталту “Сенсорнага вусеня”. Дзякуючы гэтаму дашкольнікі развіваюць тактыльныя адчуванні і дробную маторыку рук.
Значную ролю ў сенсорным развіцці дзяцей выхавальніца адводзіць элементарнаму праектаванню. Так, у рамках праектаў “Гуляем з колерам” і “Вясёлыя фігуркі” праводзяцца “Каляровыя дні”. Напярэдадні іх вызначаецца і абвяшчаецца колер тыдня. Бацькі і дзеці апранаюцца і запасаюцца цацкамі пэўнага колеру. Падчас “Каляровых дзён” вядуцца “каляровыя” размовы, праводзяцца “каляровыя” гульні.
- Шырокія магчымасці ў сенсорным развіцці дзяцей адкрываюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, - адзначае Данута Паўлаўна. – Іх можна прадуктыўна выкарыстоўваць у рабоце. Дзякуючы камп’ютарным развіццёвым гульням і інтэрактыўнай дошцы (у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі і прыёмамі), у дзяцей лепш фарміруюцца графа-маторныя ўменні і навыкі, малышы хутчэй арыентуюцца ў прадметах і з’явах.
У выніку сістэмнай работы па сенсорным развіцці дашкольнікаў большасць з іх адрознівае і правільна называе колеры спектра і іх адценні, колеры і абрысы прадметаў, розныя геаметрычныя фігуры, а таксама ўмее групаваць прадметы па падобных прыкметах. У гульнявой абстаноўцы дзеці праяўляюць большую самастойнасць. Акрамя таго, у такой абстаноўцы малышы здольны эфектыўна ўзаемадзейнічаць і дзяліцца адно з адным вопытам паводзін.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.