Добры падарунак для дзяцей і іх бацькоў

06.09.2016
1 верасня ў Брэсце адкрыўся яслі-сад – пачатковая школа № 10. Новы вучэбна-педагагічны комплекс, разлічаны на 471 месца, стаў добрым падарункам для жыхароў Паўднёвага мікрараёна, у якім адчуваецца дэфіцыт дашкольных устаноў крокавай даступнасці.

Узвядзенне ясляў-сада – пачатковай школы пачалося ў 2013 годзе. На будаўніча-мантажныя работы і закупку неабходнага абсталявання было затрачана больш за 9 млн рублёў.

У сучасным двухпавярховым будынку будуць адначасова займацца дзеці ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў. Вучэбна-педагагічны комплекс падзелены на дзве зоны – для дашкольнікаў і вучняў пачатковых класаў. Сёння ва ўстанове адкрыты 8 дашкольных груп, якія наведваюць 105 дзяцей. У Дзень ведаў за парты селі 235 школьнікаў. Магчымасці ўстановы дазваляюць у перспектыве павялічыць колькасць выхаванцаў.

- У вучэбна-педагагічным комплексе створаны належныя ўмовы для ўсебаковага навучання і выхавання дзяцей, развіцця іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, - расказала дырэктар ясляў-сада – пачатковай школы № 10 А.М.Буглаева. – Асабліва паклапаціліся пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх стварылі безбар’ернае асяроддзе: пандусы, спецыяльна абсталяваныя санвузлы і падабраную мэблю.

Акрамя вучэбных кабінетаў, у будынку ёсць актавая, гімнастычная і музычная залы, бібліятэка і кнігасховішча. На тэрыторыі ўстановы абсталяваны бегавая дарожка, пляцоўкі для рухавых гульняў і вывучэння правіл дарожнага руху, а таксама гімнастычны гарадок.

Ва ўрачыстым адкрыцці новай установы адукацыі прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс, кіраўнік горада А.С.Рагачук і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. Госці павіншавалі педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з наваселлем, пажадалі школьнікам поспехаў у вучобе.

- Вучэбна-педагагічныя комплексы з’яўляюцца эфектыўнымі пляцоўкамі для выхавання дзяцей, - адзначыў кіраўнік Брэстчыны А.В.Ліс. – У аснове работы такіх устаноў закладзены добры прынцып. Дзіця прыходзіць сюды ў двухгадовым узросце і знаходзіцца тут да заканчэння 4 класа. Дзякуючы гэтаму паспяхова вырашаецца праблема адаптацыі малодшых школьнікаў. Акрамя таго, установа адукацыі знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад новых жылых дамоў. Гэта асабліва зручна для бацькоў малышоў.

А.В.Ліс пабываў на ўроку ў першакласнікаў, дзе ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам падарунак ад Прэзідэнта Беларусі – кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.

Плануецца, што да 2019 года ў Брэсце будуць пабудаваны 3 новыя ўстановы адукацыі – сярэдняя школа на 1,2 тысячы месцаў і 2 дзіцячыя сады. Акрамя таго, разглядаюцца варыянты будаўніцтва дашкольных устаноў (найхутчэй вучэбна-педагагічных комплексаў) у Баранавічах і Пінску.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.