Прадметная дэкада: цікава, пазнавальна, карысна

13.03.2019
Дэкада замежных моў – важная частка адукацыйнага працэсу, якая дазваляе вучням на практыцы прымяніць свае веды незалежна ад іх узроўню, паверыць ва ўласныя сілы пры вывучэнні замежнай мовы, а значыць, павысіць матывацыю да вывучэння мовы і культуры іншай краіны. Прадметныя дэкады адыгрываюць важную ролю і ў раскрыцці творчых магчымасцей педагогаў.

Сёлетняя дэкада замежных моў праходзіла пад дэвізам “Мы розныя – у гэтым наша багацце, мы разам – у гэтым наша сіла!”. Дэкада прысвячалася святам у іншамоўных краінах. Кожны дзень меў сваю назву і ўключаў шэраг тэматычных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічалі вучні 3 – 11 класаў з розным узроўнем валодання замежнай мовай, іх бацькі і педагогі. Дзеці выбіралі мерапрыемствы ў адпаведнасці з інтарэсамі і жаданнямі.

Дэкада адкрылася з выставы насценгазет “Святы ў Вялікабрытаніі і Германіі”. Яркія, маляўнічыя і пазнавальныя постары расказвалі пра жыццё англійскіх і нямецкіх сем’яў, святочныя традыцыі, культуру краін. Гэтаму прысвячалася і выстава творчых вырабаў.

У дзень гульняў вучні 3 – 7 класаў праводзілі на перапынках тэматычную гульню па-нямецку, афармлялі калаж. Настаўнікі арганізавалі пазакласнае мерапрыемства ў форме гульнявога калейдаскопу для вучняў 5 – 8 класаў і інш.

У трэці дзень прайшоў конкурс чытальнікаў на англійскай і нямецкай мовах сярод вучняў 3 – 9 класаў. Падчас конкурсу гучалі вершы не толькі англійскіх і нямецкіх класікаў, але і сучасных аўтараў. Акрамя чытання вершаў, дзеці спявалі, расказвалі пра жыццё і творчасць замежных паэтаў, рыхтавалі пра іх прэзентацыі. У гэты дзень вучні спаборнічалі ў чытанні скорагаворак “Усе скорагаворкі не перагаворыш і не перавыгаварыш”. На адным з паверхаў школы праходзіла акцыя “Букросінг”, дзе бацькі і педагогі маглі азнаёміцца з сучаснай дзіцячай і юнацкай літаратурай на замежных мовах, іншамоўнымі перыядычнымі выданнямі.

У наступны дзень школьнікі завочна паўдзельнічалі ў музычным фестывалі “Еўрабачанне”. Дзеці спявалі і танцавалі на перапынках. Настаўнікі арганізавалі для пяцікласнікаў забаўляльную праграму “Вясёлая музыка”. У гэты дзень прайшоў агульнашкольны бацькоўскі сход, на якім вучні расказалі  мамам і татам пра важнасць замежнай мовы ў жыцці, раздалі буклеты “10 прычын вывучаць замежную мову”.

У пяты дзень адзінаццацікласнікі зладзілі флэш-моб “Танцы народаў Англіі і Германіі”. Васьмікласнікі ўдзельнічалі ў інтэлектуальным марафоне “Свая гульня”.

Шосты дзень прысвячаўся звычаям і традыцыям Англіі і Германіі. Вучні 4 – 9 класаў даведаліся шмат новага пра асноўныя святы гэтых краін, слухалі песні, разгадвалі крыжаванкі, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў конкурсах. У гэты дзень для настаўнікаў замежнай мовы быў арганізаваны семінар-практыкум па рабоце з інтэрнэт-рэсурсамі.

У дзень казкі адбыліся конкурс малюнкаў “Замежная мова ў казках” і прэзентацыя “Здагадайся, што за казка”. Вучні 3 – 8 класаў падрыхтавалі тэатральныя пастаноўкі “У свеце казак” на замежных мовах.

У дзень лінгвіста вучні 8 – 11 класаў паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў, рабілі мастацкія пераклады нямецка- і англамоўных літаратурных твораў. Вучні 5 – 8 класаў удзельнічалі ў пазнавальнай інтэрнэт-віктарыне “Святы і звычаі Англіі і Германіі”, а вучні 9 – 11 класаў – у анлайн-тэсціраванні “У свеце граматыкі”.

У дзень майстра настаўнікі нямецкай мовы правялі для сямікласнікаў майстар-клас па вырабе святочных цацак. Настаўнікі англійскай мовы арганізавалі для васьмікласнікаў брыфінг, прысвечаны святочным традыцыям Вялікабрытаніі.

Вынікі дэкады былі ўрачыста падведзены на агульнашкольнай лінейцы і пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы. Пераможцы і актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў атрымалі граматы.

Людміла ТРЫБУХОЎСКАЯ,

кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.