З медыя на “ты”

26.07.2016
З мінулага года ў гімназіі Камянца рэалізоўваецца інавацыйны праект, прысвечаны ўкараненню мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі.

- Эпоха інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, імклівая медыятызацыя грамадства і актыўнае ўкараненне мультымедыя ва ўсе сферы чалавечай дзейнасці актуалізуюць важнасць медыяадукацыі як педагогаў, так і вучняў, - расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі А.П.Сіваконева. – Медыяадукацыя дазваляе зразумець людзям, як масавая камунікацыя выкарыстоўваецца ў соцыуме, навучыцца выкарыстоўваць медыя ў камунікацыі адно з адным. Акрамя таго, дзякуючы медыяадукацыі чалавек аналізуе, крытычна асэнсоўвае і стварае медыятэксты, вызначае іх крыніцы, палітычныя, сацыяльныя, камерцыйныя і культурныя інтарэсы, інтэрпрэтуе медыятэксты і каштоўнасці, якія распаўсюджваюць медыя, адбірае адпаведныя медыя для стварэння і распаўсюджвання ўласных медыятэкстаў, фарміравання аўдыторыі, зацікаўленай у іх, і інш.

У рамках рэалізацыі праекта напрыканцы мінулага навучальнага года ў гімназіі прайшоў трохдзённы трэнінг па інфармаванні аб гандлі людзьмі, арганізатарамі і партнёрамі якога выступілі культурна-інфармацыйная ўстанова “Майстэрня сацыяльнага кіно” Мінска на чале з А.У.Палупанавым, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі. Педагогі і вучні не толькі грунтоўна вывучалі актуальную праблему, але і стваралі тэматычныя відэаролікі.

А.У.Палупанаў выступіў у ролі рэжысёра (трэнера), які працаваў з творчай групай гімназістаў. У першы дзень падлеткі вывучалі розныя аспекты тэмы, звязанай з гандлем людзьмі, знаёміліся са статыстыкай, глядзелі тэматычныя відэаролікі. Аналізуючы іх, гімназісты вучыліся бачыць у відэароліках сродкі і спосабы перадачы інфармацыі.

- Сёння вельмі важна ўмець адбіраць неабходную інфармацыю, правільна перадаваць яе, бачыць розніцу ў падачы аднолькавай інфармацыі рознымі СМІ, - адзначае А.П.Сіваконева. – Даволі часта людзі неабачліва давяраюць усяму, што чытаюць і бачаць. Дзякуючы трэнінгавым заняткам, дзеці па-рознаму зірнулі на адну і тую ж тэму, у выніку чаго з’явіліся 3 рэжысёрскія сцэнарыі з падрабязнай раскадроўкай. Вучні з вялікім інтарэсам спасцігалі навуку кінаіндустрыі.

У другі дзень праходзіў здымачны працэс. А.У.Палупанаў азнаёміў гімназістаў з неабходнай апаратурай, расказаў пра асаблівасці асвятлення з дапамогай спецыяльнага абсталявання. Напрыканцы заняткаў вучні былі стомленыя, але задаволеныя. Вынікі работы радавалі.

Трэці дзень быў прысвечаны мантажу відэаролікаў.

У выніку трэнінга атрымаліся 3 цікавыя сацыяльныя відэаролікі, прысвечаныя гандлю людзьмі. Неўзабаве яны будуць размешчаны на відэахосцінгу YouTube.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.