Прэміі аблвыканкама – лепшым вучням і педагогам
06.06.2016- Поспехі ў алімпіядным руху чарговы раз пацвярджаюць, што ў нас разумная, мэтанакіраваная і творчая моладзь, - адзначыў Л.А.Цупрык. – Сёння, калі дзяржаўная палітыка накіравана на развіццё ініцыятывы, прадпрымальнасці і інавацый, падтрымка адораных вучняў набывае асаблівы сэнс. Гэта ўклад у будучыню краіны.
У Беларусі створаны належныя ўмовы для выяўлення, сацыяльнай падтрымкі і абароны таленавітых юнакоў і дзяўчат. За апошнія паўтара года больш за 100 вучняў і выпускнікоў устаноў адукацыі Брэстчыны сталі стыпендыятамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.
Радуе, што на працягу апошніх 2 гадоў істотна палепшылася выніковасць алімпіяднага руху. Так, у заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды школьнікі вобласці атрымалі 76 дыпломаў (у 2015 годзе – 73, у 2014 годзе – 58, у 2013 годзе – 56). Найбольшая колькасць дыпломаў – на рахунку вучняў Брэста (26) і Баранавіч (23), Іванаўскага (4) і Лунінецкага (3) раёнаў. Гэтыя рэгіёны з году ў год рыхтуюць пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сярод устаноў адукацыі варта асабліва вылучыць ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна і гімназію № 1 Брэста, а таксама Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава.
Л.А.Цупрык падкрэсліў, што паспяховае выступленне каманды Брэстчыны ў алімпіядным руху стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў. Сярод іх – настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніца геаграфіі Зоя Канстанцінаўна Масюкевіч з ліцэя № 1 Баранавіч, настаўніца іспанскай мовы Людміла Мікалаеўна Амельянюк з гімназіі № 5 Брэста, настаўніца хіміі Ала Васільеўна Таболіна з гімназіі Іванава, настаўнікі інфарматыкі Ігар Віктаравіч Гардынец з Маларыцкай раённай гімназіі і Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца.
Амаль 10 гадоў Брэсцкі аблвыканкам ажыццяўляе матэрыяльную падтрымку адораных вучняў, таленавітай моладзі і настаўнікаў, якія эфектыўна працуюць. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана больш за 513 млн рублёў. І такая падтрымка, запэўніў Л.А.Цупрык, будзе працягнута.
- Дарога ведаў, па якой моладзь ідзе разам з педагогамі, - цяжкі, але верны шлях. Прыемна бачыць мэтанакіраваных, энергічных, поўных здаровых амбіцый юных патрыётаў нашай краіны. Упэўнены, што ўсе свае веды, творчы патэнцыял і талент вы будзеце выкарыстоўваць на карысць роднай Беларусі і малой радзімы, для шчасця сваіх родных і блізкіх. Настойліва рухайцеся да пастаўленай мэты, вучыцеся пераадольваць цяжкасці і заўсёды дабівайцеся поспехаў, - падагульніў Л.А.Цупрык.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.