Да здароўя праз веды

30.05.2016
У дваццаты раз горад над Бугам сабраў удзельнікаў абласной алімпіяды сярод школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ па пытаннях здаровага ладу жыцця. Арганізавалі спаборніцтва ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

- Пытанні, звязаныя са здаровым ладам жыцця, заўсёды актуальныя, - расказала метадыст аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі С.І.Гарошка. – Алімпіяда дапамагае задумацца пра самую вялікую каштоўнасць у жыцці – уласнае здароўе і здароўе родных. Галоўнае, каб кожны з удзельнікаў спаборніцтва абавязкова прымяняў атрыманыя веды ў адносінах да сябе і адначасова прапагандаваў здаровы лад жыцця сярод равеснікаў.

Нягледзячы на тое, што курс “Здаровы лад жыцця” выкладаецца ў навучальных установах факультатыўна, важнасць і неабходнасць профільнай алімпіяды бясспрэчная, паколькі такая форма работы павышае цікавасць вучняў да ўласнага здароўя, актывізуе пазакласную і пазашкольную дзейнасць па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прапагандуе карысныя веды сярод маладога пакалення.

Абласному спаборніцтву папярэднічалі школьныя і раённыя (гарадскія) алімпіяды, якія вызначылі найбольш эрудзіраваных васьмікласнікаў, дзесяцікласнікаў і навучэнцаў ПТНУ. Сёлета ў Брэст з’ехаліся 75 удзельнікаў. Многія алімпіяднікі прыязджаюць на спаборніцтва ўжо не першы раз, што сведчыць пра ўсвядомлены выбар актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Алімпіяда праходзіла на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На працягу дзвюх гадзін удзельнікі інтэлектуальнага спаборніцтва выконвалі 60 тэставых заданняў, якія тычыліся ролі раслін, грыбоў і жывёл у жыцці чалавека, рацыянальнага харчавання, валеалогіі, прафілактыкі тытунекурэння, СНІДу і інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, а таксама ўжывання псіхаактыўных рэчываў. У цэлым, па словах членаў журы, алімпіяднікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнік Мікіта Пучынскі з Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча, дзесяцікласніца Вераніка Куцэнка з гімназіі Драгічына і Кацярына Комлева з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.