Ведаць правы, усведамляць абавязкі

13.05.2016
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў ХІІ Абласной алімпіяды па асновах прававых ведаў сярод школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і юрыдычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Сёлета ў прававым марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, удзельнічалі 72 пераможцы раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва з ліку вучняў 8 і 10 класаў, а таксама навучэнцаў ПТНУ.

- Карысць прававой алімпіяды неаспрэчная, паколькі юрыдычныя веды неабходны ў жыцці кожнага чалавека, - расказаў метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.А.Вайтовіч. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць падлеткаў да вывучэння права, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, стымулюе сацыяльную актыўнасць, выхоўвае агульную прававую культуру і гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі, актывізуе пазакласную работу па пытаннях прававой асветы. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах з падлеткамі. Прававая культура павінна стаць ладам жыцця кожнага школьніка.

За тры гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, вучні павінны былі адказаць на шэраг тэставых пытанняў і рашыць некалькі практычных юрыдычных задач. Усё гэта патрабавала ад навучэнцаў грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністрацыйнага і канстытуцыйнага заканадаўства. Напрыклад: “Інспектар ДАІ спыніў грамадзяніна, які парушыў Правілы дарожнага руху (перайшоў дарогу ў забароненым месцы), і запатрабаваў заплаціць штраф. Грамадзянін адказаў, што інспектар не мае права прыцягваць яго да адміністрацыйнай адказнасці, паколькі ён з’яўляецца дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў (паказаў адпаведнае пасведчанне). Хто мае рацыю ў гэтай сітуацыі?”.

Аналізуючы вынікі алімпіяды, члены журы, куды ўвайшлі выкладчыкі юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, адзначылі, што падлеткі паказалі даволі высокі ўзровень прававой падрыхтоўкі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца заслугай іх педагогаў.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнікі Аляксандр Пятрыка з сярэдняй школы № 21 Баранавіч і Яна Кузьміцкая з сярэдняй школы № 28 Брэста, дзесяцікласнікі Максім Аўсянік з гімназіі № 2 Баранавіч і Вадзім Рыбачук з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, а таксама Арсень Цупа з Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.