Прыярытэт – павышэнне якасці адукацыі

29.04.2016
Важнай задачай развіцця сучаснай адукацыі з’яўляецца павышэнне яе якасці. Гэтага патрабуюць навукаёмістая вытворчасць, рынак адукацыйных паслуг, развіццё ІКТ. Якасць адукацыі – гэта не толькі адпаведнасць ведаў вучняў дзяржаўным стандартам, але і паспяховае функцыянаванне ўстановы адукацыі, мэтанакіраваная дзейнасць усіх педагогаў па павышэнні якасці адукацыйных паслуг.

Задача нашай гімназіі – не толькі сфарміраваць у вучняў патрэбу ў бесперапыннай адукацыі, але і забяспечыць іх гатоўнасць (інтэлектуальную, псіхалагічную, валявую) да навучання ва УВА. Для гэтага неабходна цэлая сістэма дзеянняў і мерапрыемстваў, якая закранае ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу і ўсе віды адукацыйнай дзейнасці. Абапіраючыся на 16-гадовы вопыт, педагагічны калектыў гімназіі выпрацаваў сістэму работы па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў ва ўмовах профільнага навучання (ад псіхолага-педагагічнага суправаджэння да работы па развіцці і ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў).

Навучанне на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі пачынаецца з псіхолага-педагагічных кансіліумаў па выніках вывучэння гатоўнасці і ўзроўню адаптацыі дзяцей да вучобы і заканчваецца аналізам вынікаў класна- абагульняльнага кантролю ў 4 і 9 класах. Мэта псіхолага-педагагічнай падтрымкі гімназістаў на гэтых этапах – вывучэнне і развіццё іх пазнавальных інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей, забеспячэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і аказанне дапамогі ў выбары напрамку навучання, а на III ступені – планаванне, карэкціроўка і рэалізацыя прафесійных планаў выпускнікоў.

Важнымі элементамі работы з’яўляюцца сеткавае ўзаемадзеянне і ўдзел бацькоў у адукацыйным працэсе. Так, псіхолага-педагагічны кансіліум у 1 класе праводзіцца з удзелам педагогаў дашкольных устаноў горада, у 5 класе – з удзелам бацькоў, а ў 11 класе – з удзелам вучняў.

Прафілізацыя навучання адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні якасці адукацыі. Профільнае навучанне на III ступені ажыццяўляецца па фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і філалагічным напрамках.

Эфектыўным спосабам прафесійнага самавызначэння вучняў з’яўляецца факультатыўнае навучанне. Факультатыўныя заняткі ў 5 – 9 класах арыентаваны на арганізацыю мэтанакіраванай дзейнасці па выбары будучага профілю навучання, а ў 10 – 11 класах – на паглыбленне і сістэматызацыю ведаў па профільных прадметах. Штогадовы аналіз паказвае высокую задаволенасць вучняў і іх бацькоў арганізацыяй работы факультатыўных заняткаў.

Пэўны ўклад у павышэнне выніковасці адукацыйнага працэсу ўносіць супрацоўніцтва з УВА. Наладжаны цесныя сувязі з БДПУ імя Максіма Танка і БарДУ.

Дадатковая адукацыя дазваляе ажыццяўляць міжпрадметныя сувязі і падтрымліваць профільнае навучанне. Дадатковая адукацыя ўстановы ўключае рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд, аб’яднанні па інтарэсах і навуковае таварыства гімназістаў.

Галоўным рэсурсам і складнікам паспяховай работы па павышэнні якасці адукацыі з’яўляюцца педагогі, якія валодаюць высокім узроўнем асабістых і прафесійных якасцей. 88% настаўнікаў гімназіі маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Аснову калектыву складаюць вопытныя, высокакваліфікаваныя педагогі, актыўныя ўдзельнікі інавацыйнай дзейнасці на рэспубліканскім узроўні.

У 2009 – 2015 гадах гімназія тройчы з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Беларусі: інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі кантрольна-ацэначнай дзейнасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу як фактару павышэння якасці адукацыі”, “Укараненне мадэлі выхавання сацыяльнай актыўнасці вучняў праз новыя формы работы з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі” і “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці навучання на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі на аснове метапрадметнага падыходу”. Аб’ектамі інавацыйнай дзейнасці з’яўляюцца адукацыйны працэс гімназіі, кіраўніцкая дзейнасць адміністрацыі і педкалектыву, інфармацыйна-метадычнае поле, каналы сувязі і ўзаемадзеяння з бацькамі і сацыяльнымі партнёрамі. Існуючая сістэма кіравання інавацыйнай дзейнасцю садзейнічае павышэнню якасці адукацыі вучняў і ўзроўню прафесійна-педагагічнай культуры педагогаў сродкамі прагрэсіўных адукацыйных тэхналогій, новых мадэлей метадычнай работы. Вопыт работы гімназіі ў гэтым напрамку адзначаны на абласным конкурсе “Кіраванне сучаснай школай: адзінства, калегіяльнасць, эфектыўнасць”.

У гімназіі праводзіцца мэтанакіраваная работа па развіцці вучэбна-пазнавальнага асяроддзя вучэбных кабінетаў. За апошнія 3 гады кабінеты хіміі, матэматыкі, беларускай мовы і літаратуры, англійскай мовы і пачатковых класаў станавіліся пераможцамі раённых конкурсаў вучэбных кабінетаў. Вучэбна-метадычнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу садзейнічае і дзейнасць метадычнага кабінета гімназіі. Па выніках мінулагодняга раённага конкурсу ён стаў лепшым.

Важным паказчыкам якасці адукацыйнага працэсу з’яўляецца выніковасць удзелу вучняў у алімпіядным руху, інтэлектуальных і даследчых конкурсах. У 2011 – 2015 гадах гімназісты атрымалі 167 дыпломаў у другім, 20 дыпломаў у трэцім і 6 дыпломаў на заключным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Найлепшыя вынікі вучні паказваюць па астраноміі, матэматыцы, беларускай мове і літаратуры, біялогіі і хіміі.

Штогод пераможцаў прадметных алімпіяд рыхтуюць настаўнік фізікі і астраноміі У.У.Зылевіч, настаўніца матэматыкі Р.У.Сінькевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т.І.Гваздзіцкая, настаўніца хіміі Т.А.Сулкоўская і настаўніца біялогіі А.А.Аляксюк.

У гімназіі створана сістэма маніторынгу развіцця і кантролю якасці адукацыі з прыцягненнем усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Вынікі маніторынгу сведчаць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў. Сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі штогод складае 8,5 і вышэй, атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі – 9 і вышэй. 95% выпускнікоў штогод становяцца студэнтамі УВА.

Адукацыйны працэс у гімназіі цалкам забяспечвае фарміраванне інтэлектуальных, творчых і даследчых уменняў і навыкаў вучняў. Адміністрацыя ўстановы накіроўвае дзейнасць педкалектыву на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, фарміраванне ў дзяцей ключавых кампетэнцый і сацыяльна значных якасцей асобы з улікам іх індывідуальных магчымасцей і здольнасцей.

Сяргей ВЫСОЦКІ,

дырэктар Мікашэвіцкай гімназіі

імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.