Алімпіядны рух Брэстчыны: вынікі, якія радуюць

29.04.2016
На Брэстчыне прааналізавалі выступленне каманды вобласці на заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

- Са 192 удзельнікаў інтэлектуальных спаборніцтваў 76 вярнуліся з дыпломамі і 21 з пахвальнымі водзывамі, - расказала начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.А.Папова. – На рахунку алімпіяднікаў 13 дыпломаў І ступені, 19 дыпломаў ІІ ступені і 44 дыпломы ІІІ ступені. Радуе, што на працягу двух апошніх гадоў каманда вобласці паступова паляпшае вынікі свайго выступлення. Так, у 2013 годзе ў школьнікаў Брэстчыны было 56 дыпломаў, у 2014-м – 58, у 2015-м – 73.

Найбольшую колькасць дыпломаў атрымалі вучні Брэста (26) і Баранавіч (23). Нягледзячы на колькасную перавагу абласнога цэнтра, якасць дыпломаў лепшая ў баранавіцкіх вучняў (5 дыпломаў І ступені супраць 3 і 9 дыпломаў ІІ ступені супраць ніводнага). З сельскіх рэгіёнаў варта вылучыць Іванаўскі (4 дыпломы) і Лунінецкі (3) раёны, а таксама Пінск (4).

З году ў год найбольш паспяхова ў алімпіядным руху выступаюць прадстаўнікі гімназій і ліцэяў. Сёлета на іх рахунку 48 дыпломаў. Так, даволі высокія вынікі паказалі вучні ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна (10 дыпломаў) і гімназіі № 1 Брэста (6), Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (6), гімназій №№ 1, 2, 4 і 5 Баранавіч (па 3). Прыемна, што ад іх не адстаюць і некаторыя школы. Так, выхаванцы сярэдняй школы № 2 Лунінца прывезлі з сёлетняй, як, дарэчы, і з леташняй, алімпіяды 3 дыпломы.

На Брэстчыне шмат вучняў, якія на працягу некалькіх гадоў запар з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сярод іх – Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч (геаграфія), Станіслаў Сосік з гімназіі № 1 Брэста і Валянціна Анішчук з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (біялогія), Дар’я Нікіцюк з гімназіі № 5 Брэста (іспанская мова), Паліна Лісок з гімназіі № 4 Баранавіч і Юлія Емельяновіч з гімназіі № 2 Баранавіч (руская мова і літаратура), Наталля Ткачова з сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко (беларуская мова і літаратура).

Па словах І.А.Паповай, сёлета найбольш паспяхова абласная каманда выступіла на алімпіядах па геаграфіі (8 дыпломаў), інфарматыцы (8), фізіцы (8), рускай мове і літаратуры (7), гісторыі (7), грамадазнаўстве (6), біялогіі (6) і беларускай мове і літаратуры (6).

- Каманда Брэстчыны паказала добрыя вынікі дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў, якія эфектыўна працуюць з адоранымі вучнямі, - адзначыла І.А.Папова. – Сярод іх – настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца, настаўніца хіміі Ала Васільеўна Таболіна з гімназіі Іванава, настаўніца біялогіі Вольга Яўгенаўна Сітдзікава з гімназіі № 1 Брэста, настаўніца французскай мовы Ірына Аляксандраўна Карнеева з сярэдняй школы № 15 Брэста, настаўніца іспанскай мовы Людміла Мікалаеўна Амельянюк з гімназіі № 5 Брэста, настаўніца гісторыі Ірына Станіславаўна Міхей з сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Мікалаеўна Куратнік з гімназіі № 5 Баранавіч і інш.

Начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі лічыць алімпіядны рух запатрабаванай, мэтазгоднай і праверанай часам формай работы з высокаматываванымі вучнямі, якія праз інтэлектуальныя спаборніцтвы набываюць новыя веды, пашыраюць кругагляд, наладжваюць сяброўскія стасункі з равеснікамі, развіваюць навыкі самастойнай пошукавай дзейнасці, рэалізуюць разумовы патэнцыял і творчыя здольнасці, атрымліваюць каштоўны вопыт мэтанакіраванай працы і самаразвіцця. Акрамя таго, падрыхтоўка алімпіяднікаў павышае прафесійны ўзровень педагогаў і імідж настаўніцкай прафесіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.