З любоўю да роднага раёна

08.04.2016
У брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды падвядзення вынікаў раённага конкурсу “Непаўторны Маскоўскі раён”. Заснавальнікам спаборніцтва з’яўляецца вучэбна-метадычны кабінет аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста пры падтрымцы УП “Брэстаблгаз”, СП “Санта Брэмар”, гандлёвай сеткі “Алмі” і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

- Конкурс праводзіўся сярод вучняў 8 – 11 класаў з мэтай пашырэння іх ведаў пра гісторыка-культурныя каштоўнасці і знакамітых людзей Маскоўскага раёна Брэста (адна з буйнейшых адміністрацыйных адзінак Беларусі, дзе пражывае каля 230 тысяч чалавек), папулярызацыі прафесійных дынастый, прафесійнага самавызначэння школьнікаў, вывучэння гісторыі раёна і яго ролі ў сацыяльна-эканамічным развіцці горада і краіны, а таксама развіцця творчых здольнасцей дзяцей, - расказала намеснік загадчыка ВМК раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.С.Дрык. – Удзельнікі спаборніцтва (а імі сталі больш за 100 вучняў) рыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі ў 5 намінацыях: “Гонар і слава майго раёна”, “Прафесійныя дынастыі”, “Аб’екты гандлю і вытворчасці”, “Гісторыя вуліц раёна” і “Купалы храмаў”.

Журы ацэньвала арыгінальнасць і творчы падыход у асвятленні выбраных тэм. Кожная з работ заслугоўвала ўвагі, бо дзеці падышлі да іх выканання адказна і ўсвядомлена. Прэзентацыі паказалі, што вучні не толькі добра ведаюць свой раён, але і любяць яго. Так, школьнікі з інтарэсам расказвалі пра гісторыю і будаўніцтва храмаў, людзей духавенства і іх ролю ў духоўным выхаванні моладзі, рабілі экскурс у мінулае вуліц і распавядалі пра лёсы тых, у гонар каго яны названы, даследавалі развіццё гандлёвых сетак і значэнне БрДТУ ў падрыхтоўцы кадраў для рэгіёна, а таксама дзяліліся сваім бачаннем Брэста праз 100 гадоў.

Кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста В.В.Краўчук падзякаваў канкурсантам за вялікую работу і шчырую любоў да горада, пажадаў поспехаў у вучобе і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Дыпломы І ступені і гран-пры атрымалі Данііл Кувалдзін з сярэдняй школы № 26, Ганна Палхоўская з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, Настасся Кухарчук з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні, Яўген Грыцук і Ганна Шостак з сярэдняй школы № 24, Таццяна Пятрова з сярэдняй школы № 12 імя К.Л.Губарэвіча, Віталь Спірын з сярэдняй школы № 37, Дзмітрый Собалеў і Максім Міхалюк з сярэдняй школы № 10, Яна Яскевіч з сярэдняй школы № 35 і Ганна Ільючык з сярэдняй школы № 31.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.