Энергазберажэнне: справа ўсіх – карысць для кожнага

22.02.2016
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон – 2015”. У спаборніцтве, арганізаваным упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкім абласным ІРА, прынялі ўдзел 176 работ.

- Конкурс праходзіў у 7 намінацыях з мэтай фарміравання ў моладзі актыўнай сацыяльнай пазіцыі па рацыянальным выкарыстанні энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя праз даследчую і творчую дзейнасць, выяўлення і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі па арганізацыі энергазберажэння, распрацоўкі, укаранення і развіцця практычных мер і метадаў у галіне эканоміі энергарэсурсаў, энергаэфектыўнасці і экалогіі, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж, Белаазёрскі дзяржаўны ПТК электратэхнікі і ўстановы адукацыі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага і Пінскага гарвыканкамаў, Пінскага і Іванаўскага райвыканкамаў, а таксама адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста.

У намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” перамагла работа Максіма Дзенішчука і Рамана Бараноўскага з Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі “Праект па распрацоўцы міні-ГЭС для асвятлення аб’ектаў экалагічнага маршруту Рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”. У намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” была адзначана агітбрыгада Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” лепшымі прызнаны відэаролік “Усё ўключана” Кацярыны Новік, Маргарыты Валавіковай, Настассі Пералайка і Ангеліны Сінкевіч з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, лістоўка “Другое жыццё рэчаў” Аляксандры Пархута з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, плакат “Энергазберажэнне: справа ўсіх – карысць для кожнага” Аляксандра Лапкоўскага з сярэдняй школы № 9 Баранавіч і малюнак “Выратуем сваю зямлю разам” Хрысціны Корчык з Лунінскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна. У намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” перамагла сярэдняя школа № 9 Пінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.