Дзеля бяспечнага дзяцінства

12.02.2016
Яшчэ К.Д.Ушынскі заўважыў, што “адукацыя змяншае колькасць небяспек, якія пагражаюць нашаму жыццю, колькасць прычын страху і, даючы магчымасць вымераць небяспеку і вызначыць яе наступствы, змяншае напружанасць страху з прычыны гэтых небяспек”. У сучасным свеце ніхто не застрахаваны ад сацыяльных узрушэнняў і стыхійных бедстваў. Бяспека жыццядзейнасці стала адной з цэнтральных праблем чалавецтва. Нават самая звычайная абстаноўка можа стаць небяспечнай, калі не ведаць правіл паводзін на вуліцы, у транспарце, дома. У патэнцыяльна небяспечных сітуацыях самымі безабароннымі аказваюцца маленькія дзеці, рухомыя, няўрымслівыя і дапытлівыя. Іх актыўнае пазнанне навакольнага свету заахвочваецца дарослымі, што часам становіцца вельмі небяспечным. Сітуацыі, поўныя нечаканасцей, небяспек і экстрэмальнасці, прымушаюць дарослых апекаваць і аберагаць дзяцей, пастаянна трымаць іх у полі зроку.

Асновы бяспекі жыццядзейнасці ў выхаванцаў нашага ясляў-сада фарміруюцца ў цесным узаемадзеянні з педагогамі і бацькамі. У нас напрацаваны метадычны матэрыял па гэтай праблеме: распрацаваны план па азнаямленні дзяцей усіх узроставых груп з правіламі пажарнай бяспекі; складзена картатэка гульняў па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці; у дапамогу педагогам і бацькам распрацаваны канспекты гутарак, заняткаў і гульняў, падрыхтаваны памяткі, рэкамендацыі і г.д. Ва ўстанове абсталявана зона бяспекі для арганізацыі адукацыйнага працэсу па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці. У кожнай узроставай групе створаны куткі бяспекі, дзе знаходзяцца макеты для азнаямлення дашкольнікаў з правіламі пажарнай бяспекі, плакаты, альбомы, мастацкая літаратура, медыятэка, дыдактычныя гульні, неабходная атрыбутыка для сюжэтна-ролевых гульняў. На ўваходзе ва ўстанову размешчана інфармацыя для педагогаў і бацькоў “Пажарная бяспека і бяспека жыццядзейнасці”.

Спецыяльна арганізаваная дзейнасць дапамагае выхаванцам убачыць праблему, паставіць мэту, калектыўна абмеркаваць спосабы яе дасягнення, праявіць актыўнасць, выказаць уласнае меркаванне пры планаванні дзеянняў і ўключыцца ў розныя віды дзейнасці: складанне зводу правіл для дзяцей “Каб не было бяды”; падрыхтоўка і правядзенне тэматычных гульняў “Агонь – сябар, агонь – вораг” і “Па сакрэце мы раскажам вам пра гэта”; афармленне выставы дзіцячых малюнкаў “Пажару – не!”; удзел у гутарках “Пажарная бяспека дома”, “Запалкі не чапай – у запалках агонь”, “Чым небяспечныя пажары ў лесе?”, “Чаму загараецца запалка?”, “Чым небяспечны дым?”, “Пажарны – герой, ён з агнём уступае ў бой”; драматызацыя казкі “Кошкін дом”; мадэліраванне праблемна-гульнявой сітуацыі “Вучэбная эвакуацыя пры пажары”; знаёмства са сродкамі пажаратушэння.

Асаблівая ўвага пры правядзенні заняткаў з дзецьмі ўдзяляецца складанню апавяданняў на проціпажарную тэматыку з пачаткам/канцом, прапанаванымі педагогам. Акрамя таго, прапануюцца тэмы будучых аповедаў у выглядзе прымавак (“Скрынка запалак, хоць малая, але можа зрабіць шмат зла...”). Атрыманыя апавяданні інсцэніруюцца. Дзеці выконваюць ролі самастойна ці з дапамогай лялек.

У рамках раённага агляду-конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” ва ўстанове прайшоў тыдзень бяспекі. Сустрэчы з супрацоўнікамі ДАІ і МНС, выстава дзіцячых малюнкаў, тэатралізаванае прадстаўленне “Нязнайка, каратышкі і правілы бяспекі”, віктарына па бяспецы для выхаванцаў старшай узроставай групы – усё гэта прывяло да 1 месца ў спаборніцтве.

Далучэнню выхаванцаў да асноў бяспечных паводзін спрыяе спектакль “Урокі мудрай цёткі Савы”, арганізаваны намаганнямі педагогаў і бацькоў. Падчас яго хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі розных сітуацый, дзе патрабаваліся веды правіл бяспечных паводзін. Мудрая цётка Сава ацаніла навыкі нашых выхаванцаў на “выдатна”.

Асаблівасцю педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца распрацоўка і рэалізацыя дзіцячых адукацыйных праектаў і даследчых работ: “Навучанне дзяцей пажарнай бяспецы”, “Гісторыя пажарнай службы”, “Навошта пажарным ахоўны шлем”, “Ці небяспечны агонь?” і інш.

Навыкі пажарнай бяспекі ў дашкольнікаў фарміруюцца на аснове дапытлівасці і актыўнасці дзяцей у пазнанні навакольнага свету. Заняткі праходзяць у цікавай форме: з дапамогай дыдактычнага матэрыялу, відэасюжэтаў, змадэляваных гульнявых сітуацый. Дзякуючы гэтаму веды лёгка запамінаюцца і засвойваюцца.

Вопыт работы з дзецьмі ў галіне пажарнай прафілактыкі паказвае, што любая творчая дзейнасць (маляванне, лепка, работа з прыроднымі матэрыяламі, экскурсіі, песенна-музычная творчасць, харэаграфія) прыносіць адчувальную карысць: дашкольнікі ўяўляюць не толькі разбуральную сілу агню, але і яго стваральны бок. Дзеці цягнуцца да ўсяго відовішчнага, яркага і музычнага, таму ў рабоце актыўна выкарыстоўваюцца лялечныя прадстаўленні, невялікія сцэнкі-драматызацыі, гульні, святочныя забавы і г.д. Важным памочнікам з’яўляецца часопіс “Юны ратавальнік”. Выхаванцы з цікавасцю разглядаюць ілюстрацыі ў ім, абмяркоўваюць з педагогамі гісторыі і апавяданні, разгадваюць крыжаванкі і рэбусы.

Ва ўстанове рэгулярна праводзяцца тэматычныя акцыі. Так, падчас акцыі “За бяспеку разам” бацькі знаёміліся з правіламі пажарнай бяспекі і папярэджання пажаранебяспечных сітуацый, відамі дзіцячых траўм пры пажарах. На агульнасадаўскі бацькоўскі сход быў запрошаны супрацоўнік райаддзела МНС. Бацькам былі прапанаваны розныя буклеты, якія нагадвалі аб правілах бяспекі ў побыце.

Работа педагогаў з’яўляецца эфектыўнай. У выхаванцаў актывізаваўся слоўнікавы запас, пашырыліся ўяўленні аб навакольнай рэчаіснасці і дзейнасці пажарных, выпрацаваліся практычныя навыкі паводзін у надзвычайных сітуацыях. Усё гэта дапаможа дзецям захаваць жыццё і здароўе.

Галіна МАКАЛОВІЧ,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

ясляў-сада № 1 Мікашэвіч Лунінецкага раёна.