Цяпло сямейнага ачага

25.01.2016
У горадзе над Бугам адкрыўся трэці па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу. У двухпавярховым катэджы, на будаўніцтва і абсталяванне якога было затрачана каля 2,9 млрд рублёў, пасялілася сям’я Галіны Віктараўны і Ільі Уладзіміравіча Круцель з 7 дзецьмі ва ўзросце ад 4 да 13 гадоў.

Па адукацыі Галіна Віктараўна педагог-псіхолаг. Да прыходу ў ДДСТ працавала ў Якаўчыцкай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна. У 2014 – 2015 гадах сямейная пара, у якой ёсць дачка, узяла на выхаванне двух хлопчыкаў з Кобрынскага дзіцячага дома. Будучыя бацькі-выхавальнікі прайшлі навучальныя курсы ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Брэста. На працягу года сям’я Круцель папоўніцца яшчэ адным дзіцем.

- Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу выконваюць важную сацыяльную функцыю, - адзначыў на адкрыцці ДДСТ старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Рагачук. – Дзякуючы такім дамам дзеці, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, набываюць цяпло бацькоўскага ачага. Клопат пра дзяцей – прыярытэтны напрамак работы органаў улады. Неўзабаве побач з трыма дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу, размешчанымі ў адным раёне, з’явяцца яшчэ два.

Кіраўнік горада ўручыў гаспадару дома сімвалічны ключ і пажадаў сям’і навасёлаў шчасця, дабра і ўдачы. Да цёплых слоў далучыліся прадстаўнікі КУП “Брэстжылбуд”, Беларускай праваслаўнай царквы і грамадскіх арганізацый.

Бацькі-выхавальнікі азнаёмілі гасцей з умовамі пражывання ў доме і пачаставалі салодкімі прысмакамі з чаем.

… У адзін дзень з адкрыццём ДДСТ у Брэсце такі дом адкрыўся і ў Высокім Камянецкага раёна, дзе ён стаў другім па ліку. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс.

Святлана Дзмітрыеўна Якавук мае профільную педагагічную адукацыю. Жанчына сталі маці для 6 дзяцей. Адметна, што бацькі С.Д.Якавук з’яўляюцца бацькамі-выхавальнікамі першага ДДСТ на Камянеччыне.

На будаўніцтва двухпавярховага дома, узведзенага Камянецкім ПМК – 14 усяго за 5 месяцаў, было выдаткавана больш за 2,5 млрд рублёў. Бытавая тэхніка, мэбля і гаспадарчы інвентар абышліся амаль у 300 млн рублёў.

- На будаўніцтва дзіцячых дамоў сямейнага тыпу трацяцца значныя грашовыя сродкі, каб хлопчыкі і дзяўчынкі, якія засталіся без бацькоўскай апекі, адчувалі сябе хораша і ўтульна, - адзначыў кіраўнік Брэстчыны А.В.Ліс. –У вобласці неабходна пабудаваць яшчэ 13 такіх дамоў. Дзеці павінны выхоўвацца ў сем’ях. Гэта дзяржаўная палітыка. У нашай краіне ствараюцца добрыя ўмовы для належнага выхавання моладзі і яе самарэалізацыі.

С.Д.Якавук падзякавала ўсім, хто ствараў дом і дапамагаў рабіць яго камфортным і ўтульным. У найбліжэйшы час жанчына возьме на выхаванне яшчэ 4 дзяцей.

У 2016 годзе на Брэстчыне пабудуюць 4 ДДСТ – у Брэсце, Баранавічах, Ганцавіцкім і Жабінкаўскім раёнах. На іх будаўніцтва ў абласным бюджэце запланавана 7,6 млрд рублёў. Ідзе падбор бацькоў-выхавальнікаў для ДДСТ у гарадскім пасёлку Лагішын Пінскага раёна.

Сёння ў 40 ДДСТ вобласці выхоўваюцца 264 дзіцяці. Акрамя таго, на Брэстчыне дзейнічаюць 3 дзіцячыя дамы ў Кобрынскім і Івацэвіцкім раёнах. У вобласці пражываюць амаль 3 тысячы непаўналетніх дзяцей-сірот, з якіх больш за 80% выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.