Першы крок у прафесію

14.01.2016
На базе вайсковай часці № 5526 Брэста адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Сябры мае, цудоўны наш саюз”, на якім 29 вучняў 10 класаў праваахоўнага кірунку сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата атрымалі права насіць форму пэўнага ўзору.

Юнакі і дзяўчаты хваляваліся, бо ўпершыню апранулі форму і ўрачыста пакляліся адказна ставіцца да вучобы, паважаць і абараняць правы чалавека, выконваць статут школы. Вучням класаў праваахоўнага кірунку ёсць на каго раўняцца. З 2004 года супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста вядуць эфектыўную прафарыентацыйную работу са школьнікамі, дзякуючы якой 19 з іх сталі ў далейшым курсантамі Акадэміі МУС Беларусі і Магілёўскага інстытута МУС Беларусі. Выпускнікі школы працуюць сёння ў органах унутраных спраў, следчым камітэце, дэпартаменце аховы і інш.

Супрацоўнікі сілавых структур і курсанты галоўнай міліцэйскай УВА краіны сталі ганаровымі гасцямі мерапрыемства: выступілі перад вучнямі і пажадалі ім заўсёды паступаць па законе і дапамагаць людзям. У рамках візіту дружбы ў свяце ўдзельнічалі і польскія госці: начальнік аддзела паліцыі ў Вішніцах Марыуш Кананюк, намеснік дырэктара агульнаадукацыйнага ліцэя імя У.Завадскага ў Вішніцах Марта Ярашэвіч і вучні паліцэйскіх класаў гэтага ліцэя.

Уручаючы пасведчанні школьнікам, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Г.В.Вайтовіч заўважыў, што з гэтага часу для іх пачынаецца новы, няхай і нялёгкі, але вельмі цікавы і пазнавальны этап у жыцці.

- Вучоба ў класах праваахоўнага кірунку – гэта не толькі першы крок у будучую прафесію, - адзначыў Г.В.Вайтовіч. – Гэта шлях станаўлення законапаслухмяных грамадзян, якія ведаюць і выконваюць законы, вядуць адпаведны лад жыцця.

Павіншаваў юнакоў і дзяўчат са святочнай падзеяй і начальнік аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна  Брэста палкоўнік міліцыі С.І.Дзмітрук:

- Паміж РАУС і сярэдняй школай № 8 склаліся цесныя сяброўскія сувязі. Супрацоўнікі райаддзела міліцыі – частыя госці навучальнай установы. Без удзелу выхаванцаў класаў праваахоўнага кірунку не праходзіць ніводнае ўрачыстае мерапрыемства ў РАУС. Спадзяюся, новае пакаленне вучняў працягне гэтую добрую традыцыю.

Дзесяцікласнікі паабяцалі апраўдаць высокі давер выдатнай вучобай і добрымі паводзінамі.

 Жанна ЛАПЫКА,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата Брэста.