Пяро Жар-птушкі для дзяцей Брэстчыны

04.01.2016
Арганізатары рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” на Брэстчыне пастараліся зрабіць усё магчымае, каб святочныя мерапрыемствы атрымаліся цікавымі і запамінальнымі.

У рэгіёнах вобласці на базе школ, устаноў дадатковай адукацыі і культуры адбыліся шматлікія навагоднія ранішнікі, дабрачынныя тэатралізаваныя прадстаўленні, гульнёва-забаўляльныя і шоу-праграмы, балы-маскарады і ўрачыстыя прыёмы ў гонар адораных вучняў. Асаблівая ўвага ўдзялялася дзецям-сіротам і інвалідам, а таксама асаблівым хлопчыкам і дзяўчынкам. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прымалі прадстаўнікі органаў улады і Беларускай праваслаўнай царквы, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, РАУС і МНС, пракуратуры і следчых камітэтаў, вайсковых часцей і базавых прадпрыемстваў. Дарослыя дарылі дзецям цёплыя словы і падарункі, віншавалі са святамі, а дзеці радавалі дарослых вакальнымі, танцавальнымі і тэатралізаванымі выступленнямі.

У Брэсцкім гарвыканкаме прайшоў навагодні прыём адораных вучняў кіраўніком горада А.С.Рагачуком. Лідары дзіцячага руху, пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў атрымалі з рук мэра заслужаныя ўзнагароды і падарункі.

- Улада заўсёды ўважліва ставіцца да інтарэсаў, патрэб і праблем дзяцей, - адзначыў А.С.Рагачук. – Для гэтага ствараюцца неабходныя ўмовы. Патэнцыял кожнага дзіцяці павінен быць рэалізаваны. У школах Брэста вучыцца шмат здольных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дзякуючы настойлівай працы і адказнаму стаўленню да вучобы дасягнулі высокіх вынікаў у розных відах дзейнасці. Заслугі такіх дзяцей не застаюцца незаўважанымі.

Сустрэча праходзіла ў даверлівай атмасферы. Кіраўнік горада цікавіўся інтарэсамі моладзі, расказваў пра перспектывы развіцця Брэста. Школьнікі задавалі мэру розныя пытанні.

Самым маштабным і відовішчным атрымалася абласное дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніцтва Брэстчыны, якое адбылося ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. На мерапрыемства з’ехаліся каля 350 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх – дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, дзеці з малазабяспечаных, мнагадзетных і няпоўных сем’яў, пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню, спартыўных спаборніцтваў, конкурсаў і фестываляў, грамадскія актывісты і актывісты школьнага самакіравання.

Святочная праграма складалася з тэатралізаванага прадстаўлення “Новы год і пяро Жар-птушкі”. Добры настрой ва ўдзельнікаў стваралі каля 250 выхаванцаў розных дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах. Акрамя таго, падчас мерапрыемства працавалі гульнявыя пляцоўкі і абласная выстава дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”. Каля ёлкі вадзіў карагод Дзед Мароз. Удзельнікі свята не засталіся без навагодніх салодкіх падарункаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.