Юныя майстры робататэхнікі

28.12.2015
На тры дні горад над Бугам сабраў удзельнікаў ІІ Абласнога адкрытага турніру робататэхнікі “РобаФэст”. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел 19 каманд, выступілі ўпраўленне адукацыі і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Турнір праходзіў на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. У фае ўстановы працавала выстава тэхнічнай творчасці выхаванцаў Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Наведвальнікі выставы маглі азнаёміцца з макетамі і мадэлямі караблёў, самалётаў, ракет і аўтамабіляў.

- Турнір праводзіўся з мэтай распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі вобласці інавацыйных і эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці вучняў, далучэння моладзі да заняткаў тэхнічнай творчасцю, навукай і вынаходніцтвам, фарміравання ў школьнікаў новых ведаў, уменняў і кампетэнцый у галіне інавацыйных тэхналогій, радыёэлектронікі, механікі і праграміравання, пошуку таленавітых дзяцей і іх падтрымкі ў рэалізацыі творчых ідэй, - расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. – Пры падрыхтоўцы да турніру школьнікі авалодалі навыкамі навукова-практычнага канструявання і мадэліравання ў галіне робататэхнікі, асвоілі тэхналогіі вырабу рознафункцыянальных робатаў.

Навучэнцы выраблялі робатаў у аб’яднаннях па інтарэсах і дамашніх умовах з прапанаваных набораў і заяўлялі іх на турнір у завершаным выглядзе і рабочым стане. Для гэтага патрабавалася валодаць асновамі электронікі, праграміравання і радыёаматарскай тэхналогіі.

Турнір праходзіў у два этапы. Першы этап уключаў стэндавую ацэнку робатаў у выглядзе пісьмовага апытання, другі – спаборніцтвы на хуткасць праходжання трас у дзвюх канфігурацыях. Падчас стэндавай ацэнкі журы звяртала ўвагу на дызайн робата, яго знешні выгляд і аддзелку, канструктыўную прапрацоўку, якасць вырабу і мантажу, арыгінальнасць выкарыстаных тэхналагічных, канструктыўных і праграмных рашэнняў. Спаборніцтвы на хуткасць праходзілі паслядоўна на трасах з павелічэннем узроўню іх складанасці. Кожны ўдзельнік праходзіў 5 кругоў на кожнай з дзвюх трас. Завяршыўся турнір тэхна-інтэлектуальнай гульнёй “1024 Біты”.

Па выніках турніру ў камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна. У асабістым заліку лепшымі юнымі робататэхнікамі сталі выхаванцы гэтай жа навучальнай установы Давід Такарчук і Дзяніс Усовіч, а таксама Багдан Бацвінка з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.