Набылі новую сям’ю

03.12.2015
На Івацэвіччыне адкрыўся чацвёрты па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу. У новым двухпавярховым катэджы, размешчаным у райцэнтры, пасялілася сям’я Сяргея і Наталлі Сазончык, якая ўзялася выхоўваць разам з сынам-першакласнікам двухгадовага хлопчыка і сясцёр 2013 і 2014 гадоў нараджэння. У бліжэйшы час сям’я папоўніцца яшчэ двума дзецьмі. А ўвогуле, дом, будаўніцтва якога абышлося ў 3,6 млрд рублёў, разлічаны на 10 дзяцей.

Павіншаваць навасёлаў завіталі кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама, прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў і прадпрыемстваў, а таксама раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі. Госці гаварылі шмат цёплых слоў у адрас будаўнікоў і бацькоў-выхавальнікаў, жадалі, каб дзеці раслі здаровымі, стараннымі, паслухмянымі і працавітымі. Не засталіся навасёлы і без каштоўных падарункаў.

Сяргей Сазончык працуе ў мясцовым філіяле РУП “Брэстэнерга”, Наталля да нядаўняга часу працавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку. У раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму лічаць, што ў гэтай сямейнай пары ёсць прызванне быць бацькамі. Важнае рашэнне аб выхаванні дзяцей Сяргей і Наталля прымалі па поклічы душы і сэрца. Гэта адказныя, добрыя і шчырыя людзі, якія цудоўна ладзяць з дзецьмі.

У 4 дзіцячых дамах сямейнага тыпу, якія сёння дзейнічаюць на Івацэвіччыне, набылі бацькоўскую любоў і клопат 24 хлопчыкі і дзяўчынкі. Яшчэ 52 дзіцяці выхоўваюцца ў прыёмных і 38 у апякунскіх сем’ях. У раёне добра наладжана работа па ўладкаванні дзяцей-сірот у замяшчальныя сем’і. Неабходная інфармацыя размяшчаецца ў мясцовай газеце, распрацоўваюцца спецыяльныя буклеты і брашуры, у працоўных калектывах праводзяцца адпаведныя гутаркі, арганізоўваюцца дабрачынныя акцыі.

Сёння на Брэстчыне жывуць амаль 3 тысячы непаўналетніх сірот. Больш за 80% з іх выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Больш за 240 дзяцей набылі бацькоў у 39 ДДСТ. Да канца бягучага года дзіцячыя дамы сямейнага тыпу з’явяцца ў Брэсце, Пінскім і Камянецкім раёнах. Няма такіх дамоў пакуль у Жабінкаўскім і Драгічынскім раёнах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.