Экакрокі па зялёнай планеце

02.12.2015
Упершыню ў Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прайшоў тыдзень зберажэння энергарэсурсаў, удзельнікамі якога сталі вучні гарадскіх школ.

Адкрыў тыдзень інтэлектуальны турнір “Зямля: рэжым доступу”. У спаборніцтве, якое складалася з 6 этапаў, удзельнічалі вучні сярэдніх школ №№ 6 і 8. Дзеці працавалі з гульнявымі карткамі і раздатачным матэрыялам, адказвалі на пытанні індывідуальна і ўсёй камандай. Для гэтага даводзілася звяртацца да ведаў, набытых на ўроках біялогіі, геаграфіі і фізікі. Гульня паказвала, што сёння людзі актыўна спажываюць прыродныя рэсурсы планеты. Задача сучаснікаў – захаваць прыродныя багацці для нашчадкаў.

Пераможцамі турніру сталі каманды “Тусоўшчыкі” з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата, “Лямпачка Інтэлекту” і “Удача” з сярэдняй школы № 6.

Прадоўжыў тыдзень збержэння энергарэсурсаў Міжнародны экалагічны ўрок “Захавальнікі вады”, які праходзіў ва ўсім свеце ў сярэдзіне лістапада. Ініцыятарамі гэтага адукацыйнага праекта сталі Міністэрства прыродных рэсурсаў і экалогіі Расіі, кампанія Pepsico і зялёны рух Расіі ЭКА. Брэстаўчане актыўна далучыліся да сусветнага экалагічнага руху. Экаўрок “Захавальнікі вады” аб’яднаў пяцікласнікаў з сярэдніх школ №№ 5, 20 і 33 і васьмікласнікаў з сярэдняй школы № 15. Арганізатары экаўрока правялі цікавую гутарку аб водных рэсурсах планеты, паказалі прэзентацыю аб вадзе як крыніцы жыцця.

Падчас экаўрока вучні сачынялі чатырохрадкоўі аб тым, як трэба берагчы ваду, рабілі да сваіх твораў ілюстрацыі, увасаблялі вершы ў выглядзе кампазіцый і жывых скульптур. Напрыканцы заняткаў школьнікі вырабілі пакетмод – кішэнную кніжку з карыснымі парадамі па зберажэнні вады, дзе ў спецыяльна адведзеныя радкі ўпісалі 3 канкрэтныя экакрокі па зберажэнні вады, якія яны гатовы пачаць рабіць у бліжэйшы тыдзень.

Завяршыла тыдзень зберажэння энергарэсурсаў інфармацыйная гадзіна “Мая зялёная планета” з удзелам пяцікласнікаў з сярэдняй школы № 22. Гэтае мерапрыемства прыцягвала ўвагу дзяцей да праблем выкарыстання энергіі і зберажэння рэсурсаў нашай зямлі. На працягу заняткаў вучні атрымлівалі новыя веды і карысныя парады ад вясёлых і забаўных герояў мультфільмаў Фіксікаў. Гэтыя персанажы лёгка і даступна расказвалі хлопчыкам і дзяўчынкам аб эканоміі цяпла, вады і электраэнергіі ў кожным доме, знаёмілі з прынцыпамі работы сонечных батарэй. У канцы заняткаў вучні расшыфроўвалі пасланне ад Фіксікаў і аўтараў інфармацыйнай гадзіны. Выкарыстоўваючы лічбавы код і праявіўшы кемлівасць, дзеці адкрылі фразу “Беражы зялёную планету”, якая і стала дэвізам цікавай сустрэчы.

Алена ТАЛОШКА,

загадчыца аддзела натуралістычнай работы

Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.