Юны Сталонэ з Маларыты

01.12.2015
Чэмпіён Беларусі па боксе Сцяпан Дзячук вучыцца ў 10 класе сярэдняй школы № 1 Маларыты. Юнак перамог у рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія праходзілі ў кастрычніку ў Баранавічах, у вагавай катэгорыі 52 кілаграмы.

15-гадовы хлопец з’яўляецца чатырохразовым пераможцам першынства Брэсцкай вобласці па боксе, а па выніках чэмпіянатаў рэспублікі ў яго ўжо 4 медаля: за трэцяе, чацвёртае і два першых месцы. У кожных спаборніцтвах Сцяпан паказвае высокі вынік. Нядзіўна, што юнак уваходзіць у нацыянальную каманду Беларусі па боксе сярод юніёраў. У складзе яе Сцяпан удзельнічаў у чэмпіянаце свету, які ў верасні прайшоў у расійскім Санкт-Пецярбургу.

Сцяпана трэніруе родны брат Павел. У 8 гадоў юны баксёр правёў першы бой у вагавай катэгорыі 26 кілаграмаў. Сёння яго запрашаюць на заняткі Рэспубліканскае і Брэсцкае вучылішчы алімпійскага рэзерву, але хлопец пакуль аддае перавагу заняткам з братам, які 2 гады назад адкрыў у Маларыце прыватную школу боксу. Павел Дзячук трэніруе там каля 50 юнакоў ва ўзросце ад 5 да 30 гадоў. З іх, лічыць трэнер, 5 – 6 чалавек могуць стаць прафесійнымі спартсменамі.

- Справа не ў таленце, бо для дасягнення высокіх вынікаў яго дастаткова на ўзроўні аднаго працэнта, - упэўнены Павел Дзячук. – Астатнія 99% выніку дасягаюцца вялікай і цяжкай працай. Сцяпан надзвычай працавіты. У 15 гадоў ён выконвае аб’ём трэніровак дарослага спартсмена. Ганаруся братам. Цяпер рыхтую яго да ўдзелу ў вясеннім чэмпіянаце Еўропы.

Перадстартавыя трэніроўкі ў Сцяпана пачынаюцца а 6-й гадзіне раніцы, бо а 8-й гадзіне хлопец садзіцца за школьную парту (прыватная школа боксу не можа афіцыйна вызваліць ад урокаў для ранішніх трэніровак). Юнак добра вучыцца і не хоча прапускаць заняткі. Таму даводзіцца прачынацца вельмі рана, каб гадзіну-паўтары прысвяціць боксу. Добра, што дом і спартыўная зала знаходзяцца побач са школай: Сцяпан паспявае пераапрануцца і паснедаць перад вучобай. Другая трэніроўка пачынаецца а 18-й гадзіне. У звычайным рэжыме хлопец прысвячае боксу 6 вечароў у тыдзень.

У будучыні Сцяпан збіраецца стаць прафесійным баксёрам, але прызнаецца, што былі моманты, калі падумваў пакінуць спорт. Дзякуючы падтрымцы Паўла і бацькоў, Сцяпан займаецца да сённяшняга часу, хаця спачатку мама і тата былі супраць захаплення сыноў боксам. Ды абодва даказалі, што гэты від спорту сапраўды для іх. У наступным годзе Павел Дзячук плануе адкрыць у Брэсце залу адзінаборстваў, якую змогуць наведваць усе жадаючыя, у тым ліку жанчыны.

Алена САКАЛОЎСКАЯ.