Ставіць мэту і дасягаць яе

30.11.2015
Педагогі і псіхолагі сыходзяцца ў меркаванні, што амаль усе дзеці з’яўляюцца адоранымі ў пэўнай галіне. Задача настаўніка – раскрыць патэнцыяльныя магчымасці юнакоў і дзяўчат, дапамагчы ім праявіць сябе, паверыць ва ўласныя сілы. На жаль, вучні на ўроках не заўсёды могуць адчуць сітуацыю поспеху. Даволі часта факт ацэньвання ведаў не дазваляе дзіцяці настроіцца на поспех. Алімпіяда як адна з форм работы з адоранымі вучнямі прапаноўвае кожнаму з іх свабодны выбар адукацыйнай галіны.

З ранняга дзяцінства дзесяцікласніцу Настассю Пузікаву з гімназіі № 2 Баранавіч прыцягвала навука, найперш сваімі загадкамі і таямніцамі. У 4 класе дзяўчына ўпершыню выйграла гарадскую алімпіяду па рускай мове і атрымала дыплом І ступені на навукова-практычнай канферэнцыі за работу “Мой дзед – салдат Перамогі”. У наступных класах былі перамогі на гарадскіх алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, англійскай, рускай і беларускай мовах, прызавыя месцы на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню па матэматыцы і рускай мове.

У мінулым навучальным годзе Настасся атрымала дыпломы І ступені на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. За гэта дзяўчына была ўзнагароджана вучэбна-адукацыйнай паездкай у Санкт-Пецярбург, арганізаванай Федэральным агенцтвам па справах СНД. У рамках міжнароднай праграмы “Духоўныя вытокі сучаснай Расіі” баранавіцкая школьніца ўпершыню наведала паўночную сталіцу Расіі, азнаёмілася з яе славутымі мясцінамі, сустрэлася з равеснікамі з 10 краін Еўропы і Азіі, а на святочнай вечарыне прадставіла Беларусь, выканаўшы песню “Сэрца Беларусі”.

Нядаўна Настасся ўдзельнічала ў заключным этапе Х алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, якая праходзіла ў Гомелі. Па выніках спаборніцтва, дзе мераліся сіламі амаль 200 старшакласнікаў з Расіі і Беларусі, дзяўчына атрымала дыплом ІІ ступені. Алімпіяда складалася з напісання сачынення і выканання комплекснай работы па рускай мове і літаратуры, творчых конкурсаў рытарычнага майстэрства і выразнага літаратурнага чытання, а таксама лінгвістычнай віктарыны.

- Для таго каб перамагаць у алімпіядах такога ўзроўню, неабходна валодаць дастатковым багажом ведаў не толькі па рускай мове, але і па літаратуры і гісторыі, - адзначае Настасся. – А галоўнае – пастаянна працаваць над сабой, рабіць маленькія адкрыцці і вельмі хацець дасягнуць высокага выніку. Трэба ставіць перад сабой мэту і кожны дзень паціху набліжацца да яе. Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо побач са мной родныя, сябры і настаўнікі, якія заўсёды падтрымліваюць і дапамагаюць самарэалізавацца. Шкадую толькі аб тым, што, на жаль, на ўсё не хапае часу.

Поспехі Настассі не выпадковыя. За імі стаяць не толькі глыбокія веды, талент, настойлівасць, упартасць і барацьба дзяўчыны, але і сістэмная і карпатлівая работа настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Баранавіч С.А.Пузікавай.

Ала МАМОНЧЫК,

метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Баранавіч.