Амаль паўмільёна рабочых за 75 гадоў падрыхтавала сістэма прафтэхадукацыі Брэстчыны

30.10.2015
У Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 75-годдзя айчыннай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пачэснае месца сярод прысутных займалі ветэраны педагагічнай працы, сённяшнія кіраўнікі і выкладчыкі ПТНУ і ССНУ, прадстаўнікі базавых прадпрыемстваў і галіновых прафсаюзаў.

На выставе, разгорнутай у фае цэнтра, можна было азнаёміцца з гісторыяй стварэння і развіцця ПТНУ і ССНУ вобласці, іх кіраўнікамі, выкладчыкамі і выпускнікамі, а таксама са шматлікімі дасягненнямі ў розных прафесійных конкурсах. Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 24 ПТНУ і 4 ССНУ, дзе атрымліваюць веды каля 12 тысяч навучэнцаў па 52 спецыяльнасцях рабочых і 20 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

- Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’яўляецца важнай часткай усёй сістэмы адукацыі, бо ПТК і прафесійныя ліцэі раней за УВА выводзяць моладзь у працоўнае жыццё, - адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык. – Дзякуючы прафесіяналізму майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў, выхаванцы ПТНУ і ССНУ сваімі рукамі ствараюць рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці і асвойваюць новыя тэхналогіі на практыцы, робячы жыццё больш камфортным і ўладкаваным. Сёння перад сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі стаіць шэраг надзённых задач. Так, сучасныя рэаліі патрабуюць актыўнага ўкаранення элементаў рыначнай эканомікі ў адукацыю. Сярод іх – пераход ПТНУ і ССНУ да самаакупнасці і большай эканамічнай самастойнасці, узаемавыгаднае і перспектыўнае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, сістэмнае павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, запатрабаваных на сучасным рынку працы.

- На працягу 75-гадовай гісторыі сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў ёй працавала і працуе шмат сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, якія падрыхтавалі не адно пакаленне высокакваліфікаваных спецыялістаў, што прыносяць вялікую карысць у розных галінах народна-гаспадарчага комплексу краіны, - дадаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Нізкі паклон ветэранам педагагічнай працы! Ваш вопыт бясцэнны!

Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з цікавым летапісам стварэння і развіцця сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны, непарыўна звязанай з грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыццём СССР і незалежнай Беларусі. Удала дапаўнялі свята музычныя, танцавальныя і тэатралізаваныя нумары, падрыхтаваныя навучэнцамі і выкладчыкамі ПТНУ і ССНУ.

Шмат цёплых слоў у адрас сістэмы прафтэхадукацыі прагучала ад прадстаўнікоў базавых прадпрыемстваў, сярод якіх былі і колішнія навучэнцы ПТНУ і ССНУ вобласці. За 75 гадоў падрыхтаваны 165 тысяч спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу, больш за 100 тысяч – для будаўнічай галіны, 90 тысяч – для лёгкай прамысловасці, сферы гандлю і бытавога абслугоўвання, 70 тысяч – для транспартнай галіны і сувязі, 50 тысяч – для машынабудаўнічай і энергетычнай галіны.

Лепшыя кіраўнікі, майстры вытворчага навучання і выкладчыкі ПТНУ і ССНУ атрымалі ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў, Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Беларусі, а таксама нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”. Не засталіся без узнагарод і ветэраны педагагічнай працы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.