Лёс і шчасце ў настаўніцкай прафесіі

05.10.2015
Паняцце “асоба ў адукацыі” вельмі гарманічна спалучаецца з Лідзіяй Васільеўнай Кіслюк, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага. Гэта выдатная настаўніца, якая ведае, разумее і любіць сваіх вучняў. Не ведаю больш тактоўнага, ветлівага і добразычлівага чалавека і прафесіянала, чым Лідзія Васільеўна.

Л.В.Кіслюк умее пераконваць людзей не сілай голасу, а сілай логікі і пачуццём гумару. Заўсёды бачыць станоўчыя рысы суразмоўцы. З улікам гэтага ўмела выбудоўвае адносіны з людзьмі. Пэўна, таму ў яе многае атрымліваецца і ў працоўнай дзейнасці, і ў жыцці наогул.

У адукацыю Лідзія Васільеўна прыйшла невыпадкова. Нягледзячы на тое, што сярод родных ніхто не быў звязаны з выкладчыцкай дзейнасцю, яна заўсёды марыла стаць настаўніцай. Гэтая прафесія прыцягвала са школьнай парты, дзякуючы настаўніцы матэматыкі Л.П.Аўсіенка, якую і сёння Лідзія Васільеўна ўспамінае з цеплынёй.

Для Л.В.Кіслюк настаўнік – гэта найперш чалавек, які з любоўю і разуменнем перадае часцінку сваіх пачуццяў, ведаў, уменняў і жыццёвага вопыту вучням. Менавіта гэта паўплывала на прафесійны выбар і 38 гадоў назад прывяло ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння Лідзія Васільеўна вярнулася ў родны Буда-Кашалёў Гомельскай вобласці, дзе пачала працаваць у адной са школ настаўніцай матэматыкі. Праз некаторы час Лідзія Васільеўна пераехала з сям’ёй у родныя мясціны мужа. Педагагічная дзейнасць Л.В.Кіслюк працягнулася ў Мікашэвічах.

Лідзія Васільеўна працуе ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага з моманту яе адкрыцця ў 1999 годзе. Крэатыўнае стаўленне Л.В.Кіслюк да людзей дапамагло сфарміраваць і з’яднаць дружны, працаздольны і высокапрафесійны педагагічны калектыў. Вучэбныя прадметы ў гімназіі выкладаюць лепшыя спецыялісты. У асобе намесніка дырэктара педагогі бачаць не толькі мудрага настаўніка, але і вялікага саюзніка ў агульнай дзейнасці.

Лідзія Васільеўна эфектыўна кіруе вучэбным працэсам, накіроўвае намаганні педкалектыву на забеспячэнне якасці адукацыі. У свой час педагог адной з першых працавала над стварэннем сістэмы маніторынгу вучэбных дасягненняў вучняў, якая носіць стымулюючы характар, накіравана на падтрымку поспехаў кожнага дзіцяці і забяспечвае якасны аналіз стану адукацыйнага працэсу.

Сёння Лідзія Васільеўна ўдзяляе вялікую ўвагу атэстацыі педагогаў як аднаму з галоўных спосабаў павышэння іх прафесійнага ўзроўню і майстэрства. Л.В.Кіслюк знаходзіць у кожным настаўніку моцныя бакі, дапамагае раскрыць творчы патэнцыял, здольнасці і таленты для набыцця індывідуальнага і непаўторнага прафесійнага почырку. З’яўляючыся мудрым педагогам і памочнікам, Лідзія Васільеўна заўсёды гатова аказаць метадычную дапамогу маладым, даць параду вопытным настаўнікам.

Сваімі напрацоўкамі Л.В.Кіслюк неаднаразова дзялілася на старонках рэспубліканскага навукова-метадычнага друку, падчас прафесійных сустрэч з калегамі. У 2012 годзе Л.В.Кіслюк атрымала нагрудны знак Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі”.

Лідзія Васільеўна не толькі добры адміністратар, але і педагог, прычым з вялікай літары. Будучы матэматыкам, асаблівую ўвагу ўдзяляе пазітыўнай матывацыі вывучэння прадмета, якая фарміруецца на аснове стварэння праблемных і аналізу жыццёвых сітуацый, далучэння вучняў да самастойнай ацэначнай дзейнасці. Эрудыцыя і шырокі кругагляд педагога станоўча ўплываюць на гімназістаў.

Урокі Л.В.Кіслюк заўсёды напоўнены напружанай інтэлектуальнай працай і радасцю пазнання. Вывучэнне новага матэрыялу будуецца так, што ў дыскусіі ўдзельнічае вялікая колькасць дзяцей, любая думка і формула пацвярджаюцца практычна. Настаўніца заахвочвае пошук арыгінальных і нестандартных рашэнняў, успрымае вучняў як асоб. Гэта дазваляе развіваць іх творчую ініцыятыву, самастойнасць мыслення. Лідзія Васільеўна выкарыстоўвае нестандартныя формы і метады работы з вучнямі, дабіваецца глыбокага і трывалага засваення матэрыялу, устойлівай цікавасці да вывучэння матэматыкі з улікам індывідуальных асаблівасцей і магчымасцей дзяцей. На ўроках Л.В.Кіслюк заўсёды цікава.

У гімназіі Лідзія Васільеўна праводзіць большую частку свайго часу. Тут яе вучні – дапытлівыя, творчыя, разважлівыя. Тут яе калегі – неабыякавыя прафесіяналы, шчыра адданыя любімай працы. Тут яе сябры – надзейныя аднадумцы, гатовыя прыйсці на дапамогу.

Кожны чалавек, праходзячы пэўны жыццёвы шлях, задумваецца аб сваім прызначэнні, правільным выбары прафесіі. Азіраючыся назад, Лідзія Васільеўна не шкадуе аб сваім выбары. Педагог любіць сваю прафесію за яе ўнікальную ўласцівасць: назіраць за духоўным ростам вучняў, сустракацца з імі праз гады.

Знайсці сябе ў прафесіі і сцвердзіцца ў ёй – гэта, лічыць Лідзія Васільеўна, шчасце кожнага чалавека.

- Стала настаўніцай, бо заўсёды хацела гэтага. Застаюся настаўніцай, бо школьны свет – мой свет, лёс і шчасце, - гаворыць Л.В.Кіслюк.

Сяргей ВЫСОЦКІ,

дырэктар Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.