Прававая культура як лад жыцця

23.7.2015

Сёлета ў прававым марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ІРА, удзельнічалі 70 васьмікласнікаў, дзесяцікласнікаў і навучэнцаў ПТНУ і ССНУ, якія перамаглі ў раённых (гарадскіх) этапах спаборніцтва.

- Юрыдычныя веды неабходны ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыў на адкрыцці інтэлектуальнага марафону начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць падлеткаў да вывучэння права, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, выхоўвае агульную прававую культуру, гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах. Прававая культура павінна стаць ладам жыцця кожнага школьніка.

За 3 гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, вучні павінны былі адказаць на 30 тэставых пытанняў, выканаць 5 заданняў па розных галінах права і рашыць некалькі практычных юрыдычных задач. Усё гэта патрабавала грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністрацыйнага і канстытуцыйнага заканадаўства.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнікі Аляксей Кахновіч з сярэдняй школы № 15 Пінска і Вікторыя Цярлецкая з Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната, дзесяцікласнікі Кацярына Лагвіновіч з гімназіі № 1 Брэста, Марыя Мельнічук з сярэдняй школы № 10 Брэста і Аляксандр Нявар з сярэдняй школы № 3 Пінска, а таксама Роберт Гердт з Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК Камянецкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.