Змяніць свет да лепшага

17.7.2015

Акцыя, удзельнікамі якой сталі лепшыя выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі эколага-біялагічнага профілю, пераможцы рэгіянальных і абласных экалагічных мерапрыемстваў, праводзілася з мэтай фарміравання ў школьнікаў экалагічнай культуры і беражлівых адносін да прыроды, далучэння моладзі да практычнай дзейнасці па ахове прыродных багаццяў.

Падчас вулічнага рэкламна-прапагандысцкага мерапрыемства юныя валанцёры-эколагі інфармавалі жыхароў горада пра неабходнасць ашчаднага стаўлення да расліннага і жывёльнага свету, вялі тлумачальную работу па пытаннях раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў. Акрамя таго, абласны валанцёрскі экалагічны атрад арганізаваў маніторынг экалагічнай дасведчанасці сярод дзяцей і дарослых, а таксама шэраг цікавых і займальных экалагічных пляцовак (“Інфармацыйнае бюро “Свет без адходаў”, “Экалагічны калейдаскоп “Птушыная краіна”, “У свеце адчуванняў”, “Сувеніры сваімі рукамі”, “Школа беражлівасці”, “Чароўныя водары”, “Дзіўны свет жывёл”, “Экалагічнымі сцяжынамі Брэстчыны”, “Тэхнапанарама” і “Літаратурная экагасцёўня”). Працавалі майстар-класы “Расліны Чырвонай кнігі ў тэхніцы квілінг” і “Фларыстычны габелен”, дзейнічала фотазона “Прырода і мы”. Увагу гасцей прыцягвала дрэва экалагічных ініцыятыў “Давайце мяняць свет да лепшага”.

Па выніках акцыі яе ўдзельнікі атрымалі падзячныя пісьмы абласнога ўпраўлення адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.