Вучыць прафесіі і ганарыцца ёй
13.7.2015Конкурс, у якім прынялі ўдзел 27 ПТНУ і ССНУ, праводзіўся з мэтай выяўлення і падтрымкі творчых педагогаў, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі і распаўсюджання вопыту лепшых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны.
Спаборніцтва праходзіла ў 2 этапы. Першы этап праводзіўся ва ўстановах адукацыі. Другі этап складаўся з 2 тураў. У першым туры канкурсанты прэзентавалі вучэбна-метадычныя комплексы па вучэбных прадметах і вытворчым навучанні. Напрацоўкі прадставілі 26 выкладчыкаў агульнапрафесійных і спецыяльных вучэбных прадметаў і 18 майстроў вытворчага навучання. Журы ацэньвала не толькі якасць вучэбна-метадычных комплексаў, але і вынікі ўдзелу педагогаў і іх навучэнцаў у мерапрыемствах, аснашчанасць вучэбных кабінетаў і майстэрань.
У другі тур выйшлі 5 выкладчыкаў і 5 майстроў вытворчага навучання. Конкурсныя заданні фінальнага тура ўключалі напісанне эсэ на адну з 4-х прапанавых тэм, візітоўку “Мая прафесія – мая гордасць” і відэапытанні ад навучэнцаў.
У намінацыі “Лепшы майстар вытворчага навучання” перамаглі В.А.Лебедзеў з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання, Ф.У.Буян са Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Г.А.Сахарчук з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі. У намінацыі “Лепшы выкладчык агульнапрафесійных і спецыяльных вучэбных прадметаў” лепшымі сталі Т.М.Бегер з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, Ж.Г.Бінько з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Т.М.Нахайчук з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. Акрамя таго, канкурсанты былі адзначаны ў намінацыях “Самы творчы майстар” (Н.В.Карповіч з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці), “Самы творчы выкладчык” (С.С.Малінчык з Івацэвіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці), “Натхненне і педагагічны артыстызм” (І.С.Стрэчань з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання) і “За імкненне да перамогі” (С.А.Германовіч з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.