Да здароўя праз веды
2.6.2015- Пытанні, звязаныя са здаровым ладам жыцця, заўсёды актуальныя, - адзначыў на адкрыцці алімпіяды начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк. – Радуе, што большасць моладзі аддае перавагу здароваму ладу жыцця. Гэта дазваляе быць максімальна карысным грамадству. Алімпіяда дапамагае задумацца пра самую вялікую каштоўнасць у жыцці – уласнае здароўе і здароўе родных. Галоўнае, каб кожны з удзельнікаў спаборніцтва абавязкова прымяняў атрыманыя веды ў адносінах да сябе і адначасова прапагандаваў здаровы лад жыцця сярод равеснікаў.
Нягледзячы на тое, што курс “Здаровы лад жыцця” выкладаецца ў навучальных установах факультатыўна, важнасць і неабходнасць профільнай алімпіяды бясспрэчная, паколькі такая форма работы павышае цікавасць вучняў да ўласнага здароўя, актывізуе пазакласную і пазашкольную дзейнасць па фарміраванні здаровага ладу жыцця моладзі, прапагандуе карысныя веды сярод падрастаючага пакалення.
Абласному спаборніцтву папярэднічалі школьныя і раённыя (гарадскія) алімпіяды, якія адабралі найбольш дастойных васьмікласнікаў і дзесяцікласнікаў, а таксама навучэнцаў ПТНУ. Сёлета ў Брэст з’ехаўся 71 удзельнік. Многія алімпіяднікі прыязджаюць на спаборніцтва ўжо не першы раз, што сведчыць пра ўсвядомлены выбар актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Алімпіяда праходзіла на базе сярэдняй школы № 16. Удзельнікі інтэлектуальнага спаборніцтва выконвалі шэраг тэарэтычных тэставых заданняў, якія тычыліся ролі раслін, грыбоў і жывёл у жыцці чалавека, рацыянальнага харчавання, валеалогіі, прафілактыкі тытунекурэння, СНІДу і інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, а таксама ўжывання псіхаактыўных рэчываў. Па словах журы, алімпіяднікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Кацярына Фядчук з гімназіі Драгічына, дзесяцікласніца Ганна Барыскіна з гімназіі Ляхавіч і Марыя Станчук з Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.