Адпачыць, аздаравіцца, падзарабіць

26.5.2015

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык адзначыў, што адной з галоўных задач з’яўляецца прывядзенне да пачатку аздараўленчага сезона ў добры стан матэрыяльна-тэхнічнай базы летнікаў. Прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння высокага ўзроўню грамадскай бяспекі ў іх. Патрабуе пільнай увагі праблема наркаманіі сярод падлеткаў. Спайсам у летніках не месца. Тое ж тычыцца і алкаголю. Актуальнай застаецца і праблема крадзяжоў. Шмат увагі трэба ўдзяляць прадухіленню траўматызму і няшчасных выпадкаў на вадзе.

Па словах Л.А.Цупрыка, якасць дзейнасці летнікаў залежыць ад працоўнай дысцыпліны, таму адным з важных пытанняў з’яўляецца якасць падбору кадраў для работы з дзецьмі.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Н.Т.Гіндзюк заўважыла, што летась былі выяўлены парушэнні, якія сведчаць пра безадказнае стаўленне да сваіх абавязкаў начальнікаў і работнікаў некаторых летнікаў. Так, парушаліся тэхналогія прыгатавання ежы, умовы мыцця посуду і правілы складання меню.

На жаль, на працягу шэрагу гадоў у летніках адзначаецца высокі ўзровень захваральнасці. Гэта парадаксальна, бо дзеці едуць у лагер па здароўе. Варта звяртаць увагу і на прафілактычныя мерапрыемствы, звязаныя з укусамі кляшчоў.

Падчас нарады гаварылася пра тое, што неабходна прыняць меры па максімальнай прафілізацыі летнікаў, накіраванай на дзяцей 15 – 18-гадовага ўзросту, праз лагеры працы і адпачынку. З мэтай большага ахопу аздараўленнем дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і стаяць на ўліку ў ІСН, плануецца арганізаваць работу летнікаў ваенна-патрыятычнага і абаронча-спартыўнага профілю з удзелам вайсковых часцей і злучэнняў Міністэрства абароны, МУС, МНС і Дзяржпагранкамітэта. Патрабуе павелічэння колькасць спецыялізаваных змен для аздараўлення дзяцей-інвалідаў з бацькамі (летась такія змены працавалі на базе 3 летнікаў).

- Сёлета ў вобласці будуць функцыянаваць 178 лагераў працы і адпачынку на базе школ і ПТНУ, - расказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык. – Летась Брэстчына першая ў краіне стварыла летнікі на базе прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі. Калі спачатку іх было 5, то цяпер да іх дабавяцца яшчэ 7. Дзеці будуць не толькі аздараўляцца, але і працаваць, атрымліваць заробак.

Алена ГАРМЕЛЬ.